Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Беларуская апазыцыя плянуе правесьці заўтра шэраг акцыяў, прысьвечаных 51-й гадавіне прыняцьця ААН Усеагульнае дэклярацыі правоў чалавека. Асноўная акцыя адбудзецца а 16-й гадзіне каля будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведамілі нашаму радыё ў штаб-кватэрах трох асноўных апазыцыйных партыяў Беларусі – БНФ, АГП і сацыял-дэмакратычнае "Народнай Грамады", галоўным акцыямі яны лічаць перадачу ў прэзыдэнцкую адміністрацыю пэтыцыяў пратэсту грамадзянаў супраць палітыкі, якую праводзіць Аляксандар Лукашэнка.

Нагадаю, што рашэньне аб правядзеньні гэтай акцыі было прынятае ў мінулую пятніцу на паседжаньні Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў.

Паводле задумы арганізатараў, некалькі тысячаў чалавек павінны перадаць у адміністрацыю Лукашэнкі звароты наступнага зьместу: "Я выказваю свой рашучы пратэст супраць росту цэнаў і зьбядненьня народу, парушэньня правоў чалавека, манапалізацыі СМІ, парушэньня закону з боку ўладаў, гандлю незалежнасьцю Рэспублікі Беларусь. Патрабую вызваліць палітзьняволеных, спыніць парушэньне сувэрэнітэту Беларусі, дабрахвотна адмовіцца ад захопленай улады".

Лідэр сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Мікола Статкевіч паведаміў нашаму радыё, што актывісты партыі зьбіраюцца правесьці 10 сьнежня акцыі ў абарону правоў чалавека і ў іншых рэгіёнах краіны. Напрыклад, ужо дакладна вядома, што пікет "грамадоўцаў" адбудзецца заўтра ў Слуцку.

Прадстаўнікі БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі й АГП мяркуюць, што падобныя акцыі пройдуць і ў іншых рэгіёнах.

Аргкамітэт "Хартыі-97" зьбіраецца абвясьціць сёньня ўвечары ляўрэатаў Нацыянальнае прэміі ў галіне абароны правоў чалавека. Гэтыя прэміі прысуджаюцца ў трох намінацыях: за асабістую мужнасьць, за лепшае асьвятленьне праваабарончае тэмы ў СМІ й за сьмеласьць у творчасьці.

А ўчора на сайце "Хартыі" ў Інтэрнэце (www.charter97.org) распачалася яшчэ адная цікавая акцыя. Беларускім грамадзянам прапанавана зьвярнуцца да ўрадаў і парлямэнтаў ЗША й Вялікабрытаніі, якія ў 1994 годзе падпісалі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі й захаваньні незалежнасьці Беларусі, з патрабаваньнем выконваць узятыя на сябе абавязкі, паколькі сувэрэнітэт краіны цяпер пад пагрозаю.

Паводле словаў кіраўнікоў "Хартыі-97", на гэтую ініцыятыву ўжо адгукнулася некалькі сотняў чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG