Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сьнежня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Украіна афіцыйна заявіла аб сваім няўдзеле ў працэсах інтэграцыі. Прадстаўнікі афіцыйнага Кіеву ацэньваюць падпісаньне хаўруснай дамовы як антызаходні крок Расеі і Беларусі. Інтэрвію зь першым намесьнікам старшыні камісіі міжнародных дачыненьняў Вярхоўнай Рады Ўкраіны Іванам Зайцем.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Іван, Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка падпісалі ў Маскве дамову аб утварэньні саюзнай дзяржавы паміж Беларусяй і Расеяй. Як Вы пракамэнтуеце саму падзею і кантэкст падпісаньня дамовы – я маю на ўвазе нелегітымнасьць Лукашэнкі як прэзыдэнта?"

(Заець: ) "Я думаю, што зьяўленьне гэтай дамовы цалкам заканамернае. Мы назіраем працэсы ўстанаўленьня дыктатуры як у Расеі, так і Беларусі. У Беларусі яшчэ ў большай ступені. Таму дзьве дзяржавы, якія спавядаюць ідэалёгію дыктатуры, павінны былі знайсьці адна адну.

Гэтую дамову я таксама разглядаю як працяг Расеяй антызаходняй палітыкі. Гэтая дамова ськіраваная супраць Захаду, паколькі Захад не прызнае Лукашэнку як прэзыдэнта, не прызнае факту разагнанага парлямэнту. У гэтай сытуацыі Расея хоча паказаць, што яна ігнаруе волю дэмакратычных інстытуцыяў заходняга сьвету, што яна ёсьць уладаром у гэтым рэгіёне.

Трэцяе, на што разьлічвае Расея, - яна хоча паказаць, што гэтая дамова зьяўляецца адказам Захаду на пашырэньне НАТО і пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу. Ці адбудзецца зьліцьцё гэтых краінаў у саюзную дзяржаву, – я думаю, гаварыць яшчэ рана. Я ня думаю, што апошняе слова сказаў народ Беларусі, сказала апазыцыя. Гэтая дамова – пакуль яшчэ толькі паперка, але паперка зь вельмі небясьпечным патэнцыялам."

( Карэспандэнт: ) "Якраз 8 гадоў назад, 8-га сьнежня, ў беларускіх Віскулях былі падпісаныя пагадненьні, якія далі дарогу для сувэрэннага разьвіцьця Беларусі, Украіны, Расеі. Першы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка назваў гэтую падзею гістарычнай памылкай. Сёньня ў інтэрвію нашаму Радыё народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў назваў падзеі, якія адбываліся ранкам у Маскве, канцом гісторыі Беларусі…"

(Заець): "Я гляджу на гэтыя падзеі, як на працэс. А для кожнага беларуса, для кожнага патрыёта Беларусі – гэта вялікая трагедыя, трагедыя кожнай хвіліны, кожнай гадзіны. Трагедыя сёньняшняга дня. Але, калі нічога не рабіць, то, паверце мне, беларускі народ страціць сваю дзяржаўнасьць. Бо апазыцыі, дэмакратычным сілам трэба змагацца за сваю незалежнасьць. Нельга аддаваць незалежнасьць так проста. Але я ня думаю, што ўжо трэба гаварыць пра канец беларускай дзяржаўнасьці. Я думаю, што барацьба за незалежнасьць Беларусі толькі распачынаецца".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Заець, Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын крытычна ацэньваюць пазыцыю Ўкраіны – няўдзел у інтэграцыйных працэсах. Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што Ўкраіна прыйдзе да разуменьня неабходнасьці саюзу "славянскіх дзяржаваў". Ельцын фактычна пагражае Ўкраіне, калі гаворыць, што з Украінай трэба йнакш гандляваць. Ваш камэнтар, як прадстаўніка афіцыйнага Кіеву…"

(Заяц: ) "Лукашэнка шукае доказы, нейкія пацьверджаньні правільнасьці сваіх крокаў. Яму б вельмі хацелася, каб Украіна хоць нейкім чынам прадэманстравала жаданьне далучыцца да гэтага саюзу. Як ён кажа – "саюзу славянскіх дзяржаваў і іх народаў". Я думаю, гэта ніколі не здарыцца, бо ўкраінскае заканадаўства дакладна вызначыла прыярытэты ў замежнай палітыцы – гэта інтэграцыя ў эўрапейскія і эўраатлянтычныя структуры. Украінская ўлада ўжо пачынае разумець, што палітычная сытуацыя ў гэтым рэгіёне мяняецца. Што трэба ўлічваць фактар такога збліжэньня Расеі і Беларусі. Ужо трэба ўводзіць нейкія карэктывы ў замежную палітыку Ўкраіны. У тым ліку і ў палітыку дачыненьняў з СНД. Я падзяюся, што дэмакратычныя сілы ва Ўкраіне таксама зрэагуюць на зьмену сытуацыі і будуць зробленыя захады па поўным скасаваньні ўдзелу Ўкраіны ў структурах СНД.

Я думаю, што й асабіста пэрспэктывы Аляксандра Лукашэнкі няясныя. Таму што за такія крокі людзі павінныя плаціць. Таму што яны замахнуліся на самае сьвятое для кожнага народу – на дзяржаўнасьць і незалежнасьць".

Зь першым намесьнікам старшыні камісіі міжнародных дачыненьняў Вярхоўнай Рады Ўкраіны Іванам Зайцем размаўляла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG