Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Вольга Караткевіч

Агляд публікацыяў пра тое, як расейская прэса асьвятляе працэс інтэграцыі і падпісаньне саюзнае дамовы.

У газэце "Коммерсантъ" аўтар артыкулу "Краіна някормленых сем'яў" гаворыць, што ў абмеркаваньні плюсаў і мінусаў аб'яднаньня зь Беларусяй, расейскія палітыкі без увагі пакідаюць адзін аспэкт: што думаюць беларусы аб аб'яднаньні. Цытую: "А ў Беларусі па-за сьценамі прэзыдэнцкай адміністрацыі пануе поўная апатыя. Людзі нічога не разумеюць у тым, што адбываецца і гаворка ня толькі пра дамову. Людзі ў нішто ня вераць і на ўсялякі выпадак пакрысе скупляюць нятанныя прадукты на свае дваццацідаляравыя заробкі. Многія пра існаваньне праекту дамовы чуюць упершыню, што дзіўна пры надрыўных высілках дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Ідзі й разьбярыся, Чарнобыль гэты народ косіць ( анкалягічныя захворваньні ў Беларусі – хранічная зьвява, на лекі грошай няма, а праграмы замежнай гуманітарнай дапамогі намаганьнямі Лукашэнкі зьвернутыя). Альбо народ косіць бызвыходнасьць."- піша "Коммерсантъ"

Пад назовам «Дагаварная цана» выйшаў артыкул у газэце «Время. Московские новости». Цытую: «Сёньня Расея і Беларусь зноўку аб'яднаюцца. Калі ў 1993 годзе «Радыё Свабода» пацікавілася думкай дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адносна саюзу Беларусі з Расеяй, той адказаў проста: «Калі б у нас была іншая магчымасьць, то нахрана нам была б патрэбная гэтая Расея зь яе гармідарам». Эканамісты, якія беспасярэдне займаюцца праблемай інтэграцыі, выказваюцца яшчэ больш скептычна. «Калі б Беларусь уваходзіла ў склад Расеі, няхай і з масай агаворак ( пры захаваньні права вайскоўцаў не служыць у Чачні і гэтак далей) мне было б спакайней» – сказаў у інтэрвію газэце «Время. Московские новости» першы намесьнік дырэктара Цэнтральнага навукова-дасьледчага інстытуту пры Расейскім агенцтве па звычайным узбраеньні Ўладзімір Піменаў. І дадаў: Са складу Расеі Беларусі было б выйсьць значна цяжэй. А так ці можам мы быць упэўненыя , што гэты саюз назаўсёды?»

"Независимая газета" ў артыкуле "Зьвяз Беларусі і Расеі" становіцца рэальнасьцяй" разважае: "Цяпер становіцца таксама зразумелым, што раптоўная хвароба, якая падкасіла нашага (маецца на ўвазе расейскага) прэзыдэнта – літаральна напярэдадні заплянаванага раней падпісаньня Дамовы паміж Расеяй і Беларусяй, - ні што іншае як "дыпляматычная хвароба". Гаворачы словамі мітрапаліта Смаленскага і Калінінградзкага Кірыла, якія ён агучыў ўчора на Пятым Усясьветным расейскім народным саборы ў Маскве, - "Магчыма й Гасподзь бранхіт наслаў, каб нават храналягічна падкрэсьліць важнасьць таго, што адбываецца…"
"Для беларускага лідара Аляксандра Лукашэнкі сам факт падпісаньня дамовы менавіта 8-га сьнежня – падзея таксама немалаважная, бо толькі яму й нікому больш даецца ўнікальны шанец аднавіць гістарычную справядлівасьць. Што б ні адбылося пасьля, "неканстытуцыйны" прэзыдэнт Беларусі пакідае сваё ймя ў гісторыі" – канстатуе "Независимая газета".

Газета "Труд" у публікацыі "А потым?" піша: "Бітва за саюз – гарачая рэальнасьць цяперашняга палітычнага сэзону. Інтэрнэт дае больш як дзесяць тысячаў спасылак на разнастайныя публікацыі і дакумэнты з гэтай нагоды. Расейцам грэх не памятаць, што толькі Лукашэнка, выклікаючы раздражненьне моцных гэтага сьвету, публічна дэманструе салідарнасьць з Расеяй, а не НАТО, куды цішком грукаюцца іншыя краіны СНД. Аказваецца, вечных сяброў не бывае ня толькі ў Ангельшчыны, але ва ўсіх астатніх, ёсьць толькі вечныя інтарэсы. Відочна, што імкненьне беларускага кіраўніцтва да зьвязу – гэта і ягоны шанец выйсьці з тупіку, у які прывяло жорсткае дзяржаўнае рэгуляваньне эканомікі" – гаворыцца ў артыкуле газэты "Труд".

У "Парляманцкай газэце" ў артыкуле "Права паставіць кропку" саюзная дамова называецца "ці не самым важным заканадаўчым актам апошніх чатырох гадоў". Ён адкрывае добрыя пэрспэктывы на будучыню, бо аднаўляе шматвекавое адзінства двух славянскіх народаў, якое, ў прынцыпе, і не было разарваным. І можна не хвалявацца, што Дамова ня будзе ратыфікаваная. Нават калі прадстаўнікі "Яблока" і "Правого дела" зноўку выступяць супраць.
"Парламентская газета" заўважае, што ўжо цяпер у расейскія сродкі масавай інфармацыі ўкідваецца нямала паведамленьняў пра тое, што Беларусь будзе цяжарам на нагох у Расеі, якая нібыта бадзёра крочыць да эканамічнага дабрабыту. Між тым прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельнікаў Беларусь вырабляе ўдвая больш, чым Расея. Што да беларускага жабрацтва, то таксама нямала перабольшаньняў. Паводле зьвестак ААН, па роўні жыцьця Беларусь знаходзіцца на 60-м месцы. Расея – на 71-м"- паведамляе "Парламентская газета"

У газэце "Трыбуна" у артыкуле "За союз нерушимый" гаворыцца: "Два славянскія народы цяпер будуць сябраваць супраць агульных ворагаў". "Кіраўніцтва цяперашняй Думы ўжо заявіла пра гатовасьць сабрацца на пазачарговае паседжаньне і ў самыя сьціслыя тэрміны ратыфікаваць Саюзную дамову.
І далей цытуем "Трыбуну": "Ад глыбокай інтэграцыі ўкраінскага народу ў сям'ю сытых эўрапейскіх народаў Расеі – толькі галаўны боль. А вось наш бацька інтарэсы славянаў ні на якія эўра не мяняе. І наагул на Захад не паляціць. Хаця б таму, што "няўездны" ён. У Эўразьвязе пайменна агучаны сьпіс беларусаў, уезд каторым у дабрабытную Эўропу катэгарычна забаронены. У гэтым сьпісе практычна ўсё кіраўніцтва Беларусі на чале з Лукашэнкам. Пра Амэрыку і гаварыць не выпадае – там бацьку з самалёта ня выпусьцяць. Так што ў пэўным сэнсе расейцу з беларусам зьвяз проста прадвызначаны лёсам. Як у песьні: паводле роднаснасьці славянскае душы. Будзем сябраваць. Саюз Расеі і Беларусі, паводле фонду "Общественное мнение», падтрымліваюць 72 адсоткі расейцаў» – завяршае артыкул «Трыбуна»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG