Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Рэакцыя Міхаіла Чыгіра.

(Карэспандэнт: ) "Міхаіл Мікалаевіч, толькі што я гутарыў са Станіславам Шушкевічам, і ён лічыць падпісаньне пагадненьня, ў тым ліку, і спосабам Лукашэнкі пратрымацца ля ўлады і адцягнуць увагу ад катастрафічнага стану эканомікі. Сапраўды, прапагандысцкі эфэкт на пэўную катэгорыю насельніцтва яно, відаць, будзе мець. А вось як у рэальнасьці. На Ваш погляд, у якой ступені гэтая дамова паспрыяе эканамічнаму росту Беларусі і вырашэньню сацыяльных пытаньняў?"

(Чыгір: ) "У эканамічным сэнсе гэты дагавор нічога ня дасьць, таму што раней былі падпісаныя дагаворы, у выніку якіх Расея павінна была ўвесьці ўнутраныя цэны на энэрганосьбіты ў Беларусі. Аднак, дагэтуль гэтыя цэны ня былі ўведзеныя, і я думаю, яны ня будуць уведзеныя і пасьля падпісаньня гэтага дагавору.

Мы ўжо раней стварылі з Расеяй адзіную мытную прастору, і таму гэтая дамова для эканомікі абсалютна нічога ня значыць".

(Карэспандэнт: ) "Значыць, гэта не паўплывае на тых простых людзей, на нейкую вясковую бабулю ці на нейкага работніка, які далёкі ад палітыкі, які думае, што вось, маўляў, мы аб'яднаемся – будзе танная нафта, будзе танная газа і г. д. На дабрабыт такіх людзей не паўплывае ніякім чынам?"

(Чыгір: ) "Ніякім чынам не паўплывае. Гэта так. Звадкаванага газу ў краіне няма, і гэта настолькі цяжка простаму чалавеку кіпіць гэты газавы балён, каб гатаваць ежу… Гэтую праблему ня можам вырашыць. На сёньняшні дзень, гэты звадкаваны газ прадаюць камэрцыйныя структуры, і які там палітычны дагавор падпісаны, гэта іх ня вельмі цікавіць. Ёсьць бізнэс, і прыватны капітал займаецца бізнэсам, а не палітыкай, у першую чаргу".

(Карэспандэнт: ) "Міхаіл Мікалаевіч, Вы пэўны час былі ў Маскве і, безумоўна, ведаеце не з прэсы, а на ўласным вопыце ведаеце тыя норавы і правілы паводзінаў расейскае бізнэс-эліты. Ці я правільна Вас зразумеў, што вось для гэтых людзей нейкія палітычныя сэнтымэнты пра славянскае адзінства і братэрства, яны ня будуць гучаць, гэта – прагматыкі?"

(Чыгір: ) "Бізнэс ёсьць бізнэс. Заўсёды так было і так будзе. Сёньня ў энэргетычным комплексе працуюць пераважна прыватныя структуры. Для іх ня вельмі важна, што там вырашылі палітыкі, як паступілі, што зрабілі.

Па-другое, я думаю, і там палітыкі, прымаючы такое рашэньне, павінны адказаць на пытаньне: добра, калі вы будзеце атрымоўваць ад нас газ за кошт ранейкай часткі расейскага бюджэту крыху таньней, дык тады вы мусіце браць удзел у вайне, якая вядзецца ў Чачні, і якая патрабуе велізарных бюджэтных сродкаў. Гэта ўсё ўзаемазьвязанае".

(Карэспандэнт: ) "Што магла б зрабіць цяпер беларуская апазыцыя ў справе прадухіленьня далейшай анэксіі Беларусі?"

(Чыгір: ) "Я тут больш спадзяюся на міжнародную супольнасьць".

З Міхаілам Чыгіром гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG