Рэакцыя на падпісаньне дамовы Васіля Быкава. (Карэспандэнт: ) "Васіль Уладзімеравіч, ад імя нашых слухачоў віншую Вас з прысуджэньнем прэміі "Триумф", з тым, што ў чарговы раз Вашыя заслугі літаратурныя, і Вашыя маральныя якасьці прызнаныя. На гэты раз у Маскве, у Расеі. Прыміце нашыя шчырыя віншаваньні". (Быкаў: ) "Ну дзякуй, вядома. Як у кожнага, прэмія – прыемная для мастака, для літаратара. Тым болей, у наш час, калі літаратурная праца ўзнагароджваецца вельмі сьціпла, гэта вядома. Але тут, канешне, выклікае розныя асацыяцыі, і галоўныя, і пабочныя.
Тым ня менш, я думаю, што цяпер проста не выпадае гаварыць пра гэта. Што ж, я, увогуле, удзячны, за тое, што, я так думаю, літаратурныя слаі Расеі прызналі маю творчасьць пэўным чынам, вельмі канкрэтным чынам. Дзякую ім". (Карэспандэнт: ) "Васіль Уладзімеравіч, Вы ў курсе, што сёньня адбылося падпісаньне саюзнай дамовы?" (Быкаў: ) "Так, у курсе. Я ўжо шмат разоў гаварыў пра маю пазыцыю на гэты конт. Канешне, гэта ня толькі сумная справа, гэта, ўвогуле – злачынства стагодзьдзя. У адносінах да беларускай нацыі – гэта, безумоўна, генацыд, гэта – канец яе гісторыі. Інакш да гэтага аднесьціся нельга. Беларусаў і так гісторыя крыўдзіла на працягу многіх стагодзьдзяў. Прынамсі з XVI стагодзьдзя як страціла, так сказаць, усякую незалежнасьць нашая дзяржава, так яна гэтую дзяржаўнасьць толькі пад канец XX стагодзьдзя набыла, выпадкам. І гэты шанец не ўдаецца выкарыстаць. Я думаю што цяпер, калі многія і заходнія розумы, і нашыя таксама, знаходзяцца ў нейкай прастрацыі з прычыны гэтага аб'яднаньня, аншлюса, дык праз нейкі час прыйдзе ацьверазеньне, і ўсё гэта будзе ацэнена вельмі выразна. Гэтая выразнасьць заключаецца ў тым, што канчаецца, прынамсі, калі не сілком, дык іншым спосабам, канчаецца беларуская гісторыя. Беларусы не змаглі ў XX стагодзьдзі скарыстаць свой гістарычны шанец. З прычыны пэўных нагодаў, канешне. Што тут зробіш. Канешне, трэба было б недзе набрацца аптымізму. Пра гэта цяпер мы ўсе думаем і гаворым, але ўся справа ў тым, дзе яго ўзяць, адкуль ён можа зьявіцца, гэты аптымізм? Гістарычны аптымізм – ён, можна сказаць, існуе. Але паколькі кожная асоба разважае ў межах свайго псыхалягізму, уласнага, дык тут якраз гэты аптымізм не праглядаецца нідзе". З Васілём Быкавы гутарыў