Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Затрыманьнем удзельнікаў завершылася ў Менску другая за сёньня спроба перакрыць менскі праспэкт Скарыны ў знак пратэсту супроць падпісаньня ў Маскве беларуска-расейскае хаўруснае дамовы. У часе акцыі, зарганізаванае Беларускім Народным Фронтам, быў спалены расейскі сьцяг.

У 17:30 паводле менскага часу ў раёне пляцу Якуба Коласа адбылася другая за сёньня спроба перакрыць цэнтральны менскі праспэкт Скарыны, якая завершылася затрыманьнямі ўдзельнікаў акцыі.

Каля 100 чалавек пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й антыінтэграцыйнымі лёзунгамі паспрабавалі выйсьці на праезную частку й расьцягнуць вялікі транспарант.

Аднак ланцуг маніфэстантаў, які пачаў выбудоўваца на праезнае частцы, быў імгненна расьсечаны АМАП-аўцамі, якія пры дапамозе дубінак выціснулі дэманстрантаў на ходнікі праспэкту.

У момант сутычкі АМАП-аўцамі былі захопленыя тры чалавекі. Як паведамілі ва ўправе Фронту, прозьвішча аднаго з затрыманых Зьміцер Касьпяровіч.

Антыінтэграцыйная акцыя апазыцыі была працягнута на ходніках праспэкту Скарыны, дзе маніфэстанты – маладыя людзі – падпалілі расейскі сьцяг.

А 18-й гадзіне калёна маніфэстантаў рушыла ходнікамі праспэкту Скарыны ў кірунку расейскай амбасады. Аднак ў раёне цырку, пасьля сутычак зь міліцыяй і няўдалае спробы зноў перакрыць рух транспарту на праспэкце, акцыя была спыненая і яе ўдзельнікі скіраваліся да сядзібы БНФ. У часе акцыі адсутнічала якая-кольвек каардынацыя. Яшчэ да яе пачатку быў схоплены й жорстка зьбіты ініцыятар перакрыцьця праспэкту намесьнік старшыні БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі Вячаслаў Сіўчык. Гаворыць сьведка затрыманьня Кастусь Рэзьнічак:

(Рэзьнічак: ) " У 11.10 каля ўправы БНФ быў затрыманы намеьснік старшыня БНФ ВЯчаслаў Сіўчык. Яго зтрымлівалі некалькі чалавек у цывільным. Пры гэтым ужылі грубую фізычную сілу, зьбівалі яго і тых, хто быў зь ім, хто спрабаваў яго абараніць. Разам зь ім было затрымана некалькі чалавек, якіх кінулі ў машыну і адвезьлі ў невядомым кірунку".

А палове на дванаццатую, нагадаю, Вячаславу Сіўчыку і яшчэ 20-ці актывістам Фронту ўдалося на 15 хвілінаў спаралізаваць рух на праспэкце Скарыны. Ранішнія падзеі ў Менску прайшлі як раз у той момант, каля Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка падпісвалі хаўрусную дамову. У інтэрвію нашаму радыё зранку Вячаслаў Сіўчык заявіў, што акцыя зарганізаваная:

(Сіўчык: ) "У знак пратэсту супраць злодзейскай спробы навязаць Беларусі дамову з Расеяй. Мы катэгарычна выступаем супраць гэтага. Мы ніколі ў жыцьці не прызнаем гэтага дакумэнту, і мы хочам паказаць усёй Эўропе, што ў спакойнай Беларусі, калі будзе працягвацца акупацыйная палітыка Крамлю, будзе канфліктная сытуацыя. Вось у чым сэнс сёньняшняй акцыі".

Яшчэ да арышту Вячаслаў Сіўчык паабяцаў, што акцыі, аналягічныя сёньняшнім, пройдуць у беларускай сталіцы ў дзень ратыфікацыі хаўруснае дамовы ў Дзяржаўнай Думе Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG