Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сьнежня 1999 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Сёньня распачаўся рэспубліканскі зьезд вэтэранаў аўганскае вайны. А напярэдадні Аляксандар Лукашэнка выдаў указ аб узнагароджаньні старшыні Зьвязу вэтэранаў-аўганцаў Станіслава Гаварушкіна, а таксама ягоных расейскага і ўкраінскага калегаў Франца Клінцэвіча й Сяргея Чырванапіскага ордэнам Пашаны.

Адно прозьвішча ў згаданым указе прыцягвае асаблівую ўвагу – Чырванапіскага. У свой час ён вызначыўся тым, што пад сьвіст залі зганяў з трыбуны Вярхоўнага Савету СССР акадэміка Андрэя Сахарава, калі той выказваў крытычны погляд на аўганскую вайну.

Як сёньня, з вышыні часу, успрымаюць той ганебны эпізод былыя салдаты аўганскае вайны? Намесьнік старшыні Беларускага зьвязу вэтэранаў вайны ў Аўганістане Павел Шацько ў той час узначальваў у Вярхоўным Савеце камітэт па справах воінаў-аўганцаў, а Чырванапіскі быў ягоным намесьнікам.

"Стаўлюся, як і тады, нэгатыўна, – зазначыў Павел Шацько ў адказ на маё пытаньне. – Але паводзіны Чырванапіскага не былі пазыцыяй камітэта, ён дзейнічаў самастойна".

Тым ня менш, Шацько лічыць, што Чырванапіскага ўзнагародзілі заслужана. А на пытаньне "Як сёньня ў Беларусі сацыяльна абаронены аўганцы?", параіў даведацца ў Міністэрстве сацыяльнай абароны, у былога "аўганца" Івана Нагібіна.

Аднак і Нагібін быў ня надта схільны да размовы. Паведаміў толькі, што сярэдняя пэнсія былога салдата ў сярэднім складае 14 мільёнаў рублёў – 20 даляраў паводле рынкавага курсу. Пра пэнсіі афіцэраў і гэнэралаў Нагібін адмовіўся гаварыць, як і пра тое, якія гарантыі забясьпечыла былым аўганцам дзяржава навогул.

Такая ягоная асьцярожнасьць, відаць, невыпадковая: хваліцца няма чым, а крытыкаваць небясьпечна – сёньняшняя ўлада гэтага ня любіць.

Пра аўганцаў улада ўзгадвае, як правіла, тады, калі Лукашэнку патрэбна падтрымка якой-небудзь чарговай ініцыятывы, – напрыклад, пры правядзеньні рэфэрэндуму, а цяпер – пры падпісаньні хаўруснае дамовы. Відаць, таму і ордэны даў кіраўнікам аўганскіх зьвязаў адразу трох славянскіх дзяржаваў.

Беларускі зьвяз вэтэранаў вайны ў Аўганістане ўзначальвае цалкам адданая Лукашэнку асоба – Станіслаў Гаварушкін, дэпутат "Палаты прадстаўнікоў". Гаварушкін пры кожным зручным выпадку падкрэсьлівае, так бы мовіць, "надзвычайны клопат" Лукашэнкі пра аўганцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG