Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сьнежня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Прычыны адтэрміноўкі падпісаньня беларуска-расейскай саюзнай дамовы камэнтуе аналітык Цэнтру ўсходніх дасьледваньняў у Варшаве Яцэк Ціхоцкі.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Ціхоцкі, на Вашую думку, ці прамаруджваньне падпісаньнем дамовы сапраўды зьвязанае са станам задроўя расейскага прэзыдэнта, ці тут ёсьць нейкія іншыя прычыны?"

(Ціхоцкі: ) "Я думаю, хутчэй за ўсё, Ельцын сапраўды захварэў, і што ягоная паездка ў Стамбул і зьвязаныя з гэтым акалічнасьці былі для яго цяжкім выпрабаваньнем, і няма нічога дзіўнага ні ў тым, што ён захварэў, ні ў тым, што ён адклаў з-за гэтага падпісаньне дамовы зь Беларусяй.

Я далёкі ад думкі, што ягоная хвароба мае дыпляматычны характар і мела на мэце адкласьці гэтае падпісаньне.

Натуральна, зьявілася вельмі шмат спэкуляцыяў на тэму – чаму? Аднак, менавіта ў гэты момант, акурат за дзень да падпісаньня, Ельцын апынуўся ў шпіталі. Але мне здаецца, што людзі, якія гавораць аб гэтым, забываюцца на адну важную рэч – што гэтае пагадненьне, ці было б яно падпісанае тыдзень таму, ці яно будзе падпісанае ў блізкім часе, ня шмат зьмяняе ў стасунках паміж Беларусьсю й Расеяй.

Працэс, які цягнецца ўжо некалькі гадоў паміж дзьвюма краінамі й называецца інтэграцыяй, хутчэй мае характар рытуалу, а не зьмяняе палітычных рэаліяў у адносінах паміж дзяржавамі.

Варта нагадаць, што Беларусь ужо даўно інтэграваная з Расеяй у пытаньнях абароны, вайсковай прамысловасьці, у супрацоўніцтве спэцыяльных службаў. Падпісаньне новага пагадненьня нічога б не зьмяніла – толькі пацьверділа б ужо існуючы факт.

З другога боку, паводле гэтай дамовы абедзьве дзяржавы надалей заставаліся б сувэрэннымі і выступалі б у якасьці самастойных суб'ектаў у міжнароднай палітыцы. Іхны цяперашні статус не зьямніўся б ні на эўрапейскай арэне, ні ў Арганізацыі Аб'яднаных нацыяў. Тут ня йдзе гаворка пра стварэньне нейкай новай дзяржавы.

Акрамя таго, гэтая дамова апісвае шэраг захадаў, якія павінныя прывесьці да стварэньня агульнай эканамічнай прасторы, ужываючы настолькі агульныя фармулёўкі, што ствараецца ўражаньне, быццам абодва кіраўнікі ня надта вераць у рэальнае стварэньне гаспадарчых сувязяў, а падпісваюць дэклярацыю аб намерах.

(Карэспандэнт: ) "Калі я Вас правільна зразумеў, вы лічыце, што няма яўнай пагрозы ўлучэньня Беларусі ў склад Расеі, прынамсі, праз падпісаньне гэтай канкрэтнай дамовы?"

(Ціхоцкі: ) "Расея, на маю думку, не зацікаўленая ў стварэньні агульнай дзяржавы, у якой Беларусь мела б нейкі асаблівы статус – ці была б гэта нейкая канфэдэрацыя ці нейкая саюзная дзяржава. Адзіным карысным варыянтам з пункту погляду палітычнай ды эканамічнай эліты Расеі, было б улучэньне ў яе Беларусі на тых самых падставах, як і ўсе астатнія расейскія рэгіёны – улучэньне некалькіх абласьцей Беларусі на правох новых суб'ектаў фэдэрацыі. Але на гэта ня згодны Лукашэнка, таму што ў такім выпадку, ён проста страчвае сваю ўладу ў краіне й мусіць цалкам падпарадкавацца Маскве.

Таму Лукашэнка будзе дамагацца нейкага асобага статусу Беларусі ў гэтай новай дзяржаве. І з гэтага гледзішча Лукашэнка парадаксальным чынам, застаючыся на чале Беларусі, застаецца свайго роду гарантам сувэрэннасьці дзяржавы – зразумела, сувэрэннасьці ня ў тым сэнсе, як яе разумеюць у эўрапейскіх дзяржавах.

Мушу заўважыць, што ўсе гэтыя дамовы аб стварэньні саюзу Беларусі й Расеі ўзьнікаюць, часьцей за ўсё узьнікаюць у выбарчым кантэксьце. Першая дамова аб стварэньні Садружнасьці Беларусі й Расеі была падпісаная Ельцыным і Лукашэнкам напярэдадні прэзыдэнцкіх выбраў у Расеі. І цяперашняя дамова выкарыстоўваецца як элемэнт перадвыбарчай прапаганды, дзеля таго, каб перахапіць прапагандысцкія аргумэнты ў супернікаў – найперш, расейскіх камуністаў, якія ўвесь час кажуць пра адраджэньне савецкага саюзу.

Калі падсумаваць, ды як б сказаў, што Расея ахвотна далучыла б да сябе Беларусь, але на падставах падпарадкаваньня яе абласьцей як суб'ектаў фэдэрацыі, а не на падставе раўнапраўнага партнэрства ў рамках агульнай дязржавы, якая праводзіла б агульную зьнешнюю палітыку. Варта адзначыць, аднак, што Беларусь ужо зараз праводзіць такую самую зьнешнюю палітыку, як і Расея – адносіны Беларусі да канфлікту ў Косаве, напрыклад, гэта толькі пацьвярджаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG