Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 1999 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

У Менску пабываў былы савецкі дысыдэнт, пісьменьнік Аляксандар Зіноўеў.

Аляксандар Зіноўеў прыяжджаў у Менск для ўдзелу ў круглым стале на тэму "Рэспубліка Беларусь на шляху ў ХХІ стагодзьдзе", які праходзіў у Інстытуце сацыяльна-палітычных дасьледваньняў пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Ён выступіў з асноўным дакладам, распавёўшы пра ўведзены ім ва ўжытак тэрмін "глябальнае звышграмадзтва".

Зіноўеў лічыць, што Захад нарошчвае свой уплыў на Расею, каб не даць ёй ператварыцца ў моцную дзяржаву. І, маўляў, толькі хаўрус Расеі зь Беларусьсю ў стане перашкодзіць гэтай задуме.

Але якраз на гэтым мерапрыемстве з удзелам былога дысыдэнта ўвага беларускага грамадзтва не была засяроджана. І, хутчэй за ўсё, невыпадкова. Справа ў тым, што сустрэчы ў гэтым інстытуце звычайна носяць закрыты характар, а ўдзел у іх бярэ вельмі вузкае кола запрошаных – з-за "спэцыфічнасьці" тэмаў. Напрыклад, гады два таму інстытут запрашаў нейкага прафэсара Данілава з Масквы, які даказваў, што хрысьціянства – рэлігія, навязаная славянам жыдамасонамі. Славяне ж, маўляў, павінны спавядаць ведычную рэлігію, вытокі якой у Індыі.

У Зіноўева – іншая ідэя-фікс, але таксама даволі своеасаблівая. Пражыўшы дваццаць гадоў на Захадзе, ён раптам пачаў шкадаваць, што раней напісаў шэраг крытычных кнігаў пра савецкую сыстэму. Калі б, маўляў, ведаў, што Расея стане такой, як сёньня, з арыентацыяй на Захад, дык ні за што іх не пісаў бы.

Таму Зіноўеву блізкія погляды Лукашэнкі – прарасейскія і антызаходніцкія. Пад час сустрэчы зь ім Зіноўеў зазначыў, што Лукашэнка робіцца палітычным лідэрам тэндэнцыі супраціўленьня глябалізацыі. І ён,Зіноўеў, гатовы дапамагчы яму ў гэтай барацьбе.

Пра тое ж Зіноўеў гаварыў і на сходзе ў Акадэміі навук, зазначыўшы, што беларускаму народу вельмі пашэнціла з такім лідэрам, як Лукашэнка.

Адарваныя ад рэаліяў, некаторыя былыя савецкія дысыдэнты бачаць толькі тое і тых, каго хочуць бачыць. Некалькі гадоў таму другі вядомы савецкі пісьменьнік-дысыдэнт Уладзімер Максімаў выступіў у газэце "Правда" з артыкулам, у якім хваліў Лукашэнку як лідэра славянскай ідэі.

Урэшце рэшт яны сышліся ў свах поглядах зь пісьменьнікамі–шавіністамі й гэтак званымі "патрыётамі", якія ніколі не пакідалі Расеі – Распуціным, Бяловым, Праханавым ды іншымі. Апошнія таксама лічаць Лукашэнку ледзь не адзінай асобаю, здольнай супрацьстаяць Захаду. Таму й прысудзілі яму яшчэ гады два таму "Шолахаўскую прэмію", ляўрэатамі якой да гэтага сталі Радаван Караджыч і Фідэль Кастра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG