Амаль кожны другі жыхар Беларусі выказваецца за аб'яднаньне з Расеяй, але дзьве траціны апытаных падтрымліваюць незалежнасьць Беларусі. 63% рэспандэнтаў не выключаюць, што ў выніку аб'яднаньня тэрарысты могуць распаўсюдзіць сваю дзейнасьць на Беларусь, а 66% лічаць магчымымі добрыя стасункі Беларусі як з Расеяй, гэтак і з Заходняй Эўропаю. Такія вынікі атрыманыя пад час агульнанацыянальнага сацыялягічнага апытаньня, якое правёў у лістападзе Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў. Пад час дасьледваньня было апытана 1500 чалавек, гранічная памылка рэпрэзэнтатыўнасьці складае 3%. Значная частка пытаньняў тычылася стаўленьня беларусаў да аб'яднаньня Беларусі й Расеі. Беларуская афіцыйная прапаганда сьцьвярджае, што беларуска-расейскую інтэграцыю ўвесь беларускі народ (апроч купкі нацыяналістаў) адзінадушна падтрымлівае. Але дадзеныя апытаньня гэты міт пераканаўча абвяргаюць. На пытаньне пра галасаваньне на магчымым рэфэрэндуму адносна стварэньня адзінае беларуска-расейскае дзяржавы толькі 47% апытаных адказалі, што будуць галасаваць «за»; 34 % выказаліся супраць і 16% адзначылі, што навогул ня бралі б удзел у такім галасаваньні. Варта заўважыць, што пад час папярэдняга апытаньня, якое інстытут праводзіў у чэрвені, колькасьць прыхільнікаў поўнай інтэграцыі складала 55%, а колькасьць праціўнікаў – 31%. Такім чынам відавочнае істотнае зьніжэньне інтарэсу да зьліцьця дзьвюх краінаў. Адказы на іншыя пытаньні даюць уяўленьне адносна прычынаў гэтага: 52% апытаных выказваюць апасеньні, што ў выніку аб'яднаньня беларусам прыйдзецца ваяваць у «гарачых кропках» кшталту Чачні, а яшчэ больш – 63% – лічаць, што пасьля аб'яднаньня тэрарысты могуць распаўсюдзіць сваю дзейнасьць на Беларусь. Рашэньне расейскага ўраду распачаць баявыя дзеяньні ў Чачні апытаныя ацэньваюць хутчэй станоўка, чым адмоўна: 45% – «за», 26% – «супраць». Удзельнічаць у гэтай вайне беларусы ня надта хочуць, але палітыкаў зь іміджам моцных людзей паважаюць: адказваючы на абстрактнае пытаньне пра найлепшага кіраўніка беларуска-расейскага хаўрусу 32% назвалі Лукашэнку, а 13% – Пуціна. У ранейшых апытаньнях аніводзін расейскі палітык ня меў у беларусаў такога высокага рэйтынгу. Каб спадабацца беларусам, трэба дэманстраваць здольнасьць, кажучы словамі Пуціна, каго-небудзь «мачыць у сарціры». Цікава адзначыць, што нават тыя, хто хоча аб'яднаньня, ацэньваюць жыцьцё ў сёньняшняй Расеі даволі нэгатыўна. Толькі кожны чацьверты лічыць, што жыцьцё ў Расеі лепш за беларускае, а 30% апытаных прытрымліваюцца супрацьлеглага пункту гледжаньня. Для параўнаньня: жыцьцё ў Польшчы лепшым за жыцьцё ў Беларусі лічаць 85% апытаных. Задавалася пытаньне, якая краіна зьяўляецца ўзорам для Беларусі. Адказы надзвычай паказальныя: Нямеччына – амаль 40%, ЗША – 20%, Расея – 0,5%. Аб'ядноўвацца хочам з Расеяй, а жыць як у Нямеччыне. Ды й жаданьне аб'ядноўвацца нейкае дзіўнае: яно лёгка спалучаецца з прыхільнасьцю да незалежнасьці Беларусі… На пытаньне «Ці хочаце Вы, каб Беларусь была незалежнай, сувэрэннай дзяржаваю», 64% апытаных адказалі станоўка і толькі 10% – адмоўна. Такія супярэчнасьці й даюць уладзе магчымасьць маніпуляваць грамадзкай думкаю і прапаноўваць беларусам поўнае аб'яднаньне ў спалучэньні з поўным сувэрэнітэтам. У беларускай грамадзкай думцы спалучаюцца ня толькі аб'яднаньне з Расеяй і незалежнасьць, але й арыентацыя адначасна і на Ўсход, і на Захад. 66% апытаных лічаць цалкам магчымым наладжваньне добрых стасункаў як з Расеяй, гэтак і з Заходняй Эўропаю. 3/4 мяркуюць, што паляпшэньне адносінаў з суседзямі й з Заходняй Эўропаю прывядзе да паляпшэньня эканамічнае сытуацыі ў Беларусі. Ці магчыма адначасная інтэграцыя Беларусі і з Расеяй, і з Захадам – пытаньне даволі спрэчнае. Але з прыведзеных дадзеных вынікае, што аніякіх ўсеагульных антызаходніх настрояў у Беларусі няма, што нават тыя, хто аб'яўляе пра жаданьне зьліцца з Расеяй, на самой справе паглядае на Захад і менавіта ў ім бачыць узор для Беларусі.

Самае папулярнае
1