Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 1999 г.


Бел-чырвона-белы сьцяг сёньня зноў вывешаны ў Віцебску над ракой Віцьбай, а спэцыялісты ААН, тым часам, сьцьвярджаюць, што беларуская мова ня мае пэрспэктываў адраджэньня.

Як паведамляе наш карэспандэнт Сабіна Радзько, сьцяг ўмацаваны проста насупраць будынка гарвыканкаму. Лічыцца, што падобныя рызыкоўныя акцыі вывешваньня нацыянальнага сьцягу на Лёзьненшчыне і ў людных месцах абласнога цэнтру традыцыйна зьдзяйсьняе няўлоўны Мірон.

Тым часам, як паведамляе агенцтва БелаПАН, у справаздачы праграмы ААН аб чалавечым разьвіцьці за 1999 год робіцца выснова, што сфэра ўжытку беларускай мовы рэзка звузілася.

З моманту рэфэрэндуму ў траўнi 1995 году, калi амаль 54 адсоткі зарэгiстраваных у Беларусi выбаршчыкаў прагаласавалi за наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай, сфера ўжывання беларускай мовы рэзка звузiлася. Такая выснова робiцца ў згаданай справаздачы, якая падрыхтаваная праграмай разьвiцьця ААН сумесна з адмiнiстрацыяй прэзiдэнта Беларусі. Моўная палiтыка разглядаецца ў справаздачы сярод iншых парамэтраў разьвiцьця Беларусi за апошнiя гады.

У прыватнасьцi, беларускай мовай перасталi карыстацца ва ўсiх органах заканадаўчай, выканаўчай i судовай улады, адзначаецца ў справаздачы. Значна скарацiлася ўжываньне беларускай мовы i ў адукацыi. У 1994/1995 навучальным годзе колькасьць вучняў у школах зь беларускай мовай навучаньня складала 20,4 адсоткі, з беларускай i расейскай мовамi навучання – 68,6 адсоткі, i з расейскай мовай навучання – 11 адсоткаў. У 1998/1999 годзе доля вучняў у школах зь беларускай мовай навучаньня зьменшылася да 19 адсоткаў, зь беларускай i расейскай мовамi навучання – да 37 адсоткі, а доля вучняў у школах з расейскай мовай навучання вырасла да 44 адсоткаў.

Паколькi беларуская мова зьнiкла з большасьцi сфэраў сацыяльнай I эканамiчнай дзейнасьцi, веданьне мовы зрабiлася практычна непатрэбным. "Няма нiякiх прыкмет таго, што артыкулы 4 i 21 закона "Аб мовах у Рэспублiцы Беларусь", якiя абавязваюць дзяржаўных служачых i кiраўнiкоў прадпрыемстваў i ўстановаў ведаць беларускую мову, калiсьцi будуць выконвацца", – гаворыцца ў справаздачы.

У Беларусi адсутнiчае крытычная маса носьбiтаў беларускай мовы, якая б магла зрабiць эфэктыўнай барацьбу за яе захаваньне, лiчаць аўтары справаздачы…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG