Што можа азначаць для беларускай палітыкі вызваленьне Міхаіла Чыгіра? На сувязі менскі палітоляг Валеры Карбалевіч. (Карэспандэнт: ) "Чаму, на Вашую думку, вызваленьне Міхаіла Чыгіра адбылося менавіта цяпер, калі, здавалася, не было такога ціску і замежнай, і айчынай грамадзкасьці. Калі пратэсты супраць ягонага зьняволеньня, можна сказаць, аціхлі; калі, ўвогуле, для беларускай палітыкі ўсё гэта не на першым месцы ў сувязі зь меркаваным падпісаньнем беларуска-расейскай дамовы? Улады ня выпусьцілі яго з турмы перад Стамбулам, хаця Захад чакаў ад беларускага кіраўніцтва гэтага жэсту добрай волі. Што такое сталася цяпер, што прымусіла іх пайсьці на такі крок?" (Карбалевіч: ) "Тут можна будаваць розныя вэрсіі. Адна зь іх можа быць такая. Я ўжо пісаў аб тым, што пасьля вяртаньня са стамбульскага саміту перад беларускімі ўладамі ўзьнікаюць як бы два шляхі далейшых паводзінаў. Першы шлях, гэта тое, што ўпершыню за многія апошнія гады Лукашэнка пабываў на міжнародным форуме без скандалу. Яго там прынялі як нармальнага чалавека, не як ізгоя, як роўнага члена сусьветнай палітычнай эліты. І вось гэта можа паўплываць на Лукашэнку вельмі станоўча. Гэты такі вельмі дзіўны для яго стан можа і пераважыць жаданьне абсалютнай улады і страх не дапусьціць апазыцыю ў дзяржаўныя інстытуты. І ў гэтым сэнсе, калі гэтая думка мае нейкую рацыю, гэта можа паўплываць на нейкую лібэралізацыю рэжыма". (Карэспандэнт: ) "На Вашую думку, пернік аказаўся больш плённым чым пуга?" (Карбалевіч: ) "Я думаю, што пакуль нейкія далёкаідучыя высновы рабіць рана, але ж вызваленьне Чыгіра можа ў нейкім сэнсе пацьвярджаць, што і такі шлях ня выключаны". (Карэспандэнт: ) "Я хацела запытацца ў Вас… Вось восем месяцаў, праведзеных Міхаілам Чыгіром у вязьніцы, яны зрабілі зь яго пакутніка, гэроя? Вось цяпер як Вы ацэньваеце ягоныя магчымасьці як палітыка?" (Карбалевіч: ) "Цяжка сказаць, тут трэба пытацца ў самога Міхаіла. Тут ад ягонага стану фізычнага і маральнага, ад яго мужнасьці, можна сказаць, залежыць далейшы шлях яго ў палітыцы". (Карэспандэнт: ) "У дадзеным выпадку мы будзем, відаць, абмяркоўваць не ягоныя пляны, ня тое, што ён сам хоча, але тое, што аб'ектыўна, як бы збоку выглядае. Ягонае мейсца ў цяперашняй палітычнай палітры Беларусі?" (Карбалевіч: ) "Па-першае, Чыгір будзе падвешаны на крук крымінальнай справы. Крымінальная справа ж не ліквідаваная, яна працягваецца, і колькі яна будзе працягвацца – невядома. Таму, так сказаць, ён будзе вісець, і ў яго, ў нейкім сэнсе, будуць зьвязаныя рукі.
Гэта адзін бок. Другі бок, гэта калі ўсё ж Чыгір кінецца з галавою ў вір палітычнай барацьбы. Якая ягоная роля зараз у палітычнай барацьбе? У апазыцыі зьявіцца новая зброя. Але Чыгір – гэта зброя спэцыфічная, гэта зброя для ўзьдзеяньня на намэнклятуру. Вось у гэтым сэнсе, гэта зброя даволі моцная ў руках апазыці, таму што папулярнасьць Чыгіра ў кіруючай намэнклятуры даволі вялікая. Гэта па-першае. Па-другое, становішча намэнклятуры таксама ня вельмі спрыяльнае ў адносінах да Лукашэнкі. У гэтым сэнсе, калі падзеі будуць разьвівацца па нейкім крызісным у палітычным сэнсе напрамку, дык Чыгір як зброя супраць Лукашэнкі, як зброя, якая можа перацягнуць на бок апазыцыі намэнклятуру – гэта эфэктыўны ход. Але ж калі казаць пра ролю Чыгіра, як сродак перацягнуць на бок апазыцыі большасьць насельніцтва, дык вось тут я ня бачу вялікай знаходкі для апазыцыі. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што ягонае знаходжаньне ў турме не павялічыла ягоны рэйтынг. 7 працэнтаў. Больш за 7 працэнтаў я і ня бачыў ягонага рэйтынгу сярод насельніцтва. Бо Чыгір – банкір. Слова "банкір" для беларускага насельніцтва вельмі адмоўнае. І ў гэтым сэнсе, як спроба дамагчыся сярод насельніцтва большай папулярнасьці, Чыгір – ня самая лепшая, скажам так, знаходка сярод апазыцыі". (Карэспандэнт: ) "То бок, Вы думаеце, што навогул зьняволеньне Чыгіра, тое, што яго пасадзілі на так доўга ў турму, гэта, відаць, мела мэтай узьдзеяньне на намэнклятуру, а не на апазыцыю, не на насельніцтва, тым больш?" (Карбалевіч: ) "Так, я думаю, што вось гэтыя дзеяньні ўладаў, гэта рэакцыя на нейкую канкрэтную сытуацыю. Пачаліся прэзыдэнцкія выбары, Чыгір актыўна браў у іх удзел. Я маю на ўвазе тыя выбары, якія праводзіла апазыцыя вясной". (Карэспандэнт: ) "Так, але выбары прайшлі, а яго пратрымалі восем месяцаў. Нейкая трохі неадэкватная сытуацыі мера". (Карбалевіч: ) "Ну я думаю адразу ж пасьля выбараў выпускаць, гэта было б вельмі яўна паказана, што арыштавалі яго не за нейкія крымінальныя рэчы, а за палітыку. Трэба было пратрымаць больш, каб стварылася ўражаньне, што тут дзейнічаюць нейкія прававыя аспэкты". (Карэспандэнт: ) "На Вашую думку, якое ўражаньне на міжнародныя структуры – мы можам дапусьцціць, што гэта ўражаньне будзе добрае – зробіць вызваленьне Міхаіла Чыгіра? Я маю на ўвазе, якія могуць быць міжнародныя наступствы з пункту погляду стаўленьня да рэжыму Лукашэнкі вось гэтага кроку беларускай улады?" (Карбалевіч: ) "Я думаю, што вызваленьне Міхаіла Чыгіра, гэта адна з умоваў стварэньня клімату даверу, на якой настойвала кансультацыйна-назіральная група АБСЭ у Беларусі, і зараз спадар Вік і тая структура, якую ён узначальвае, будуць больш настойліва падштурхоўваць і ўлады і апазыцыю да пачатку перамоваў. Адна з умоваў як бы выкананая. Другая ўмова – гэта доступ апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Гэта нейкі фактар, які будзе падштурхоўваць бакі да пачатку перамоваў".