Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў Вярхоўным Судзе разглядалася скарга. Беларуская незалежная асацыяцыя прафэсійных зьвязаў прамысловасьці зьвярнулася ў вышэйшую судовую інстанцыю, каб абскардзіць незаконную, на яе думку, адмову Міністэрства юстыцыі ў перарэгістрацыі.

16 чэрвеня Беларуская незалежная асацыяцыя прафэсійных зьвязаў прамысловасці ў адпаведнасці зь вядомым Дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі падала дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі на перарэгістрацыю.

У згаданую Асацыяцыю ўваходзяць тры вядомыя ў краіне прафэсійныя зьвязы: гэта прафэсійны зьвяз прадпрыемстваў аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня, прафэсійны зьвяз прадпрыемстваў радыёэлектроннае прамысловасьці й прафэсійны зьвяз малых ды інавацыйных прадпрыемстваў. Усяго іх сябрамі зьяўляюцца звыш трохсот тысячаў працаўнікоў.

У грамадзкіх колах гэтае фармаваньне прафэсійных зьвязаў болей вядомае як гэтак званая "асацыяцыя Бухвостава–Фядыніча". Такі назоў паходзіць ад прозьвішчаў двух вядомых у краіне прафзьвязовых лідэраў, па чыёй ініцыятыве была ўтвораная Асацыяцыя.

Прафзьвязовую скаргу ў Вярхоўным судзе сёньня разглядала судзьдзя Ганна Сакалоўская. Паводле ейных словаў, задача суду – высьветліць праўную абгрунтаванасьць адмоўнага рашэньня Міністэрства юстыцыі.

Доказ такой абгрунтаванасьці міністэрства ўсклала на сваю супрацоўніцу Алену Караткову. Спадарыня Караткова заявіла на сёньняшнім паседжаньні, што "Асацыяцыя Бухвостава–Фядыніча" ня зьяўляецца прафзьвязовай структураю. Яе арганізацыйная пабудова, а таксама некаторыя статутныя палажэньні, на думку прадстаўніцы Міністэрства юстыцыі, ня адпавядаюць праўным патрабаваньням дзяржавы.

І навогул, паводле словаў спадарыні Каратковай, згаданая Асацыяцыя – гэта болей прадпрыймальніцкая структура, паколькі нібыта ў сваёй дзейнасьці плянуе атрыманьне прыбыткаў.

"Ці зьяўляецца, на думку Міністэрства юстыцыі, выраб прафзьвязовых плякатаў прадпрыймальніцтвам?", – спытала ў яе судзьдзя Сакалоўская. Яснага адказу на гэтае пытаньне не прагучала.

Заўтра Вярхоўны суд мяркуе прадоўжыць разгляд гэтае справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG