Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў другой палове дня Міхаіл Чыгір, які правёў за кратамі дакладна 8 месяцаў, выйшаў з турмы на вуліцы Валадарскага ў Менску. Яго чакалі родныя, паплечнікі і журналісты. Потым у офісе палітыка адбылася прэсавая канфэрэнцыя.

Міхаіл Чыгір заявіў журналістам, што не зьбіраецца ані пакідаць Беларусь, ані сыходзіць зь беларускай палітыкі. Ён сказаў, што актыўна заняцца палітыкай мае намер пасьля заканчэньня судовай справы над ім. Я гатовы супрацоўнічаць як з апазыцыяй, гэтак і з уладамі, – сказаў Чыгір і патлумачыў, што падтрымлівае перамоўны працэс, які кансультацыйна-наглядальная група АБСЭ спрабуе наладзіць паміж уладай і апазыцыяй. Але нельга дапускаць, каб аб апазыцыю выціралі ногі, тады дыялёг немагчымы; пакуль гэта будзе працягвацца, перамоўны працэс – беспэрспэктыўны, – патлумачыў спадар Чыгір.

Я папрасіў яго выказаць стаўленьне да саюзнай дамовы паміж Беларусяй і Расеяй, а таксама ацаніць адтэрміноўку яе падпісаньня.
Міхаіл Чыгір сказаў:

(Чыгір: ) "Вы ведаеце, што я гляджу на гэта як на палітычныя акцыі. Калі я быў прэм'ерам, мы зрабілі ўсё для сумеснай дзейнасьці эканомікаў Беларусі і Расеі, падпісалі дакумэнты аб адзінай мытнай прасторы. Усё астатняе – гэта тлум і траскатня. Кожны пункт дамовы супярэчыць канстытуцыям як Беларусі, так і Расеі. Я мяркую, я хацеў бы меркаваць, што ў Расеі ўцямілі і жахнуліся – што ж мы робім?"

Такім чынам ацэньвае адтэрміноўку падпісаньня беларуска-расейскай дамовы Міхаіл Чыгір.

Былы вязень паведаміў, што напярэдадні вызваленьня сьледчыя запатрабавалі ад яго падпісаць ня толькі паперу аб нявыезьдзе, але й абавязак кампэнсаваць дзяржаве нанесеныя страты. Як было паведамлена сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Гэнеральнай пракуратуры, праваахоўныя ворганы ацэньваюць гэтыя страты прыблізна ў 4 мільёны даляраў. Але Міхаіл Чыгір згадзіўся даць толькі падпіску аб нявыезьдзе. Ён заявіў, што лічыць сябе ні ў чым не вінаватым і спадзяецца, што суд цалкам апраўдае яго.

Я не згаджуся зь любым іншым прысудам, – заявіў ён сёньня журналістам. Ён выказаў удзячнасьць апазыцыі, эўрапейскім дзяржавам і Злучаным Штатам Амэрыкі, якія змагаліся за ягонае вызваленьне.

Неўзабаве пасьля вызваленьня Міхаіла Чыгіра павіншавалі лідэры апазыцыйных палітычных партыяў Беларусі, а таксама па тэлефоне – старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG