Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Экс-прэм'ер Беларусі Міхаіл Чыгір – на волі. Сёньня намесьнік гэнэральнага пракурора Беларусі Пётар Іваненка падпісаў пастанову аб зьмене меры стрыманьня для былога прэм'ера на падпіску аб нявыязьдзе. Паводле зьвестак нашых карэспандэнтаў, Міхаіл Чыгір ужо выпушчаны зь ізалятару на вуліцы Валадарскага й знаходзіцца ў сваёй перадвыбарчай штаб-кватэры. Між тым, справа супраць Чыгіра ня спыненая. На працягу сьнежня яна будзе перададзеная ў суд, – заявіў Пётар Іваненка.

На брыфінг, пад час якога было паведамлена пра рашэньне аб вызваленьні Міхаiла Чыгіра, прыйшлі намесьнік міністра нутраных справаў Леанід Глухоўскі й намесьнік гэнэральнага пракурора Пётар Іваненка.

Глухоўскі яшчэ пацягнуў час, распавядаючы пра посьпехі падначаленых яму сьледчых, якія завялі ажно 470 крымінальных справаў супраць тых, хто не вярнуў крэдыты, 270 зь якіх перададзена у суд. Сярод расьледваньняў, што завершаныя, і справа экс-прэм'ера Міхаiла Чыгіра. Глухоўскі паведаміў, што якраз днямі расьледваньне справы Чыгіра завершанае, і яна перададзеная ў пракуратуру.

Гэта азначае, што цяпер лёс былога прэм'ера ў руках пракурораў – згодна з артыкулам 216-м яны нават могуць мяняць меру утрыманьня для вязьняў на падпіску аб нявыяздзе. Што ўжо й зрабіў сёньня намесьнік гэнэральнага пракурора Пётар Іваненка.

Сваё рашэньне Іваненка патлумачыў наступным чынам: "З улікам таго, што сёньня сьледзтва ў справе завершанае, і няма падставаў лічыць, што Чыгір Міхаiл Мікалаевіч будзе перашкаджаць расьледваньню і ён паабяцаў па першым патрабаваньні явіцца ў суд і будзе аказваць дапамогу ў вяртаньні матэрыяльных стратаў, якія нанесеныя ў выніку злачынстваў, мера стрыманьня ў выглядзе арышту сёньня яму будзе замененая на падпіску аб нявыезьдзе". –паведаміў намесьнік гэнэральнага пракурора Пётар Іваненка.

Далей ён і намесьнік міністра нутраных справаў адказалі на пытаньні журналістаў. Іваненка, у прыватнасьці, падзяліўся сваім меркаваньнем, наколькі справа й вызваленьне Міхаiла Чыгіра тлумачацца палітычнымі прычынамі.

"Мне падаецца вельмі туманным палітычны бок гэтае справы", – даволі няпэўна адказаў намесьнік гэнэральнага пракурора, аднак прызнаў, што на рашэньне аб зьмене меры ўтрыманьня для Чыгіра паўплывала й пазыцыя групы назіральнікаў АБСЭ ў Беларусі. "Спадар Георг Вік сустракаўся днямі зь Міхаiлам Чыгіром у ізалятары", – прызнаў Пётр Іваненка, але заўважыў, што, негледзячы на гэта, справа Чыгіра перададзеная ў пракуратуру. "Яна зараз будзе вельмі падрабязна вывучацца, і на працягу 24 дзён мы вырашым, ці перадаваць яе у суд", – сказаў Іваненка.

Мяркуючы па танальнасьці ягонага выступу, ён выключае, што працу сьледчых пракуроратура забракуе, і справа будзе вернутая на дарасьледваньне. Яшчэ не адбыўся суд, а дзеяньні Чыгіра намесьнік пракурора ўжо называе злачынствамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG