Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лістапада 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Вярхоўны суд Беларусі скасаваў рашэньне Савецкага раённага суду Менску як незаконнае ў дачыненьні да маладафронтаўца Яўгена Афнагеля. У адпаведнасьці з гэтым прысудам юнак быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, якія ён правёў у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Цяпер міліцыя шукае хлопца, каб пасадзіць яшчэ на 12 сутак – за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 21 ліпеня.

Маладафронтавец Яўген Афнагель быў асуджаны Савецкім судом Менску як арганізатар "Маршу Свабоды" на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пад час суду Яўген заявіў, што напярэдадні акцыі адмовіўся ад свайго подпісу ў заяве ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт і, увогуле, не прымаў удзелу ў "Маршы".

Ён заяўляў хадайніцтвы з просьбаю зрабіць наконт гэтага запыт і заслухаць усіх сьведкаў. Але судзьдзя Іна Шэйко не палічыла патрэбным зрабіць гэта. Яна таксама праігнаравала мэдычныя даведкі пра стан здароўя Яўгена.

Двойчы са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка хлопца адвозілі ў шпіталь і забіралі адтуль, бо ў яго кепскае здароўе. Касацыйная скарга на рашэньне раённага суду гарадзкім судом не была задаволеная. Пакуль вышэйшая інстанцыя, Вярхоўны суд, разглядала новую скаргу, Яўген Афнагель выйшаў на волю. Ніхто нават не папрасіў прабачэньня ў юнака за тое, што ён замест таго, каб вучыцца ва ўнівэрсытэце, незаконна ўтрымліваўся пад вартаю.

Цяпер супрацоўнікі Ленінскага РАУСу штодня тэлефануюць ягонае маці й дасылаюць позвы, каб Яўген зьявіўся ў аддзел, бо павінен адседзець яшчэ 12 сутак паводле прысуду Ленінскага суду за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 21 ліпеня "Разьвітаньне з прэзыдэнтам". Дарэчы, ніхто зь іншых затрыманых 21 ліпеня ня быў пакараны арыштам.

Маёр міліцыі Юры Палуяновіч на пытаньне нашага радыё: "Чаму супрацоўнікі міліцыі так сьпяшаюцца?", адказаў, што прычына ў тым, што хутка скончыцца тэрмін, калі можна ўжываць меру пакараньня. Ён сказаў таксама, што ведае пра стан здароўя Яўгена Афнагеля, але гэта – не ягоная праблема. Маёр Палуяновіч заявіў, што зацікаўлены ў тым, каб затрымаць Яўгена й адвезьці ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна, бо йнакш сам можа быць пакараны сваім кіраўніцтвам за невыкананьне вызначэньня суду.

Яўген Афнагель будзе зьвяртацца ў пракуратуру, каб прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі Савецкага РАУСу за незаконнае затрыманьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG