Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лістапада 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Выступленьне Аляксандра Лукашэнкі на расейскім тэлебачаньні ў нядзелю стала кульмінацыйным момантам рэакцыі расейскіх СМІ на хваробу Ельцына і адкладзенае падпісаньне саюзнай дамовы. Гэтая тэма працягвае абмяркоўвацца і ў расейскім друку.

"Московская правда" у сыботу ў артыкуле пад загалоўкам "Не задыхнуцца б у абдымках" адзначае: " І ў Расеі, і ў Беларусі ёсьць нязначная колькасьць людзей, якія выказваюць апасеньні ў сувязі са стварэньнем Саюзу. Нацыянальна-дэмакратычная апазыцыя Беларусі апасаецца, што рэспубліка згубіць сваю незалежнасьць і таму перасьцерагае насельніцтва ад "сяброўскіх абдымкаў Расеі, у якіх рэспубліка можа задыхнуцца."

Для расейцаў, – піша далей "Московская правда", – такая пастаноўка пытаньня гучыць крыху недарэчна, бо ініцыятарам, энтузыястам і матоам інтэграцыі ўсе мінулыя гады былі Менск і пэрсанальна прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка.

Расейскіх дэмакратаў хвалюе між тым, што прэзыдэнцкі тэрмін А. Лукашэнкі скончыўся сёлета ў ліпені. Аднак, калі па шчырасці, піша далей газэта, насельнітва Расеі ў цэлым праблема аўтарытарнасьці Менску ня надта хвалюе – многім нават падабаецца жорсткасьць Лукашэнкі.

Рэакцыю на адкладзенае падпісаньне дамовы аналізуе у нумары за 27 лістапада й газэта "Труд". У артыкуле пад назвай "А саюз быў такі блізкі" яго аўтар адзначае: "Асаблівае шкадаваньне з нагоды адкладзенага падпісаньня дамовы праявілі дэпутаты Дзярждумы. Яны, сардэчныя, так спадзяваліся да 3 сьнежня – тэрміну сканчэння працы ніжняй палаты – ратыфікаваць сьвяшчэнны саюз і тым самым ўвайсьці ў гісторыю калектыўным Багданам Хмяльніцкім."

Газета "Советская Россия" зьмяшчае рэпартаж са сходу грамадзкасьці Масквы ў падтрымку саюзнай дамовы. Журналісту давялося на гэтай сустрэчы пагутарыць з прысутным беларусам з Гародні, прозьвішча якога не паведамляецца. На думку гэтага гарадзенца, аб'яднанне дзвюх краінаў тармозяць тыя, хто прыгрэўся ў маскоўскіх кабінэтах. Яны баяцца набліжэньня Лукашэнкі, разумеючы, што зь яго аўтарытэтам не параўнаюцца ні рэйтынгі Пуціна, ні Лужкова, ні Прымакова, ні любога зь цяперашніх расейскіх палітыкаў. Толькі аднаго я цяпер баюся, – прызнаўся беларус з Гародні журналісту Расейскай газэты, – калі, раптам, Лукашэнка ўвойдзе ў расейскую палітыку, то ён можа паўтарыць лёс Машэрава. У гэтых словах, – піша далей аўтар артыкула, – адчувалася паважлівае стаўленьне да свайго прэзыдэнта, гонар і непадробная трывога за яго.

Газета "Красная звезда" робіць акцэнт на тым, наколькі аб'яднаньне з Беларусьсю выгаднае для Расеі ў вайскова-стратэгічным сэнсе. Колькі б не казалі пра адзіную эўрапейскую прастору, – піша газэта, – колькі б не гаварылі пра адсутнасьць антырасейскай накіраванасьці пашырэньня НАТО, факт застаецца фактам: мы няўтульна сябе пачуваем ад таго, што маскоўская ваенная акруга стала прыгранічнай.

Газета "Коммерсантъ" камэнтуе неспраўджаныя спадзяваньні на 26 лістапада так: "Ельцын ня даў Лукашэнку ўзляцець".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG