Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лістапада 1999 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

25 лістапада з пасады дырэктара Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі вызвалены акадэмік Міхал Касьцюк. Новым дырэктарам прызначаны доктар гістарычных навук Мікалай Сташкевіч.

Акадэміка Міхала Касьцюка зьнялі з пасады дырэктара Інстытуту гісторыі на бюро прэзыдыюма Акадэміі навук. Празь дзень, 26 лістапада, калектыву прадставілі новага кіраўніка. Ім стаў доктар гістарычных навук Мікалай Сташкевіч.

Многія мяркуюць, што такая апэратыўнасьць з заменаю дырэктара сьведчыць пра тое, што пытаньне ня толькі рыхтавалася загадзя, але й па сутнасьці даўно было вырашана. Вось як пракамэнтавала падзею дактарантка Інстытуту гісторыі Ніна Стужынская

(Стужынская: ) "Тое, што дырэктара звольнілі, для нас не навіна. Ужо амаль год цягнецца гэтая сумная гісторыя. Увесь час кіраўніцтва Акадэміі шукала нейкія падставы, каб разабрацца зь ім. Міхал Касьцюк – акадэмік, адзін з самых маладых акадэмікаў у краіне – яму ўсяго 59. Я думаю, што гэта проста першы сыгнал расправы над калектывам інстытуту. У першую чаргу – гэта прафэсыяналы. Быць прафэсыяналам у сваёй галіне, быць сумленным гісторыкам – гэта якраз злачынства ў вачах нашай улады".

Новы дырэктар інстытуту Мікалай Сташкевіч паведаміў на сёньняшнім сходзе калектыву, што ў гэтую сераду яго нечакана запрасіў да сябе прэзыдэнт Акадэміі навук Яўген Вайтовіч і прапанаваў заняць новую пасаду.

Да гэтага Мікалай Сташкевіч працаваў загадчыкам катэдры рэспубліканскага Інстытуту падвышэньня кваліфікацыі работнікаў вышэйшае школы. У савецкім мінулым быў загадчыкам аддзелу Інстытуту гісторыі партыі.

Магчыма, менавіты апошні радок біяграфіі адыграў важную ролю ў новым прызначэньні Сташкевіча. Хаця напачатку 90-х гадоў гэты гісторык шмат пісаў на нелюбімыя цяперашняй уладаю тэмы – у прыватнасьці, пра непралетарскія партыі ў Беларусі, пра стварэньне БНР.

Аднак у апошнія некалькі гадоў Сташкевіч ужо не выяўляе былое актыўнасьці на гэтай ніве. А ў кулюарах пасьля прызначэньня дырэктарам ён, паводле сьведчаньня аднаго з супрацоўнікаў інстытуту, сказаў: "Трэба адчуваць, у які час вы цяпер жывяце. Якія могуць быць выбары, які конкурс!..".

Справа ў тым, што Міхала Касьцюка вызвалілі ад пасады з фармулёўкаю "У сувязі з заканчэньнем тэрміну абраньня".

Аднак тэрмін гэты скончыўся яшчэ ў сакавіку бягучага году. Кіраўніцтва Акадэміі навук павінна было абвясьціць конкурс на замяшчэньне пасады. І, хутчэй за ўсё, калектыў Інстытуту зноў абраў бы Касьцюка.

Гэтага кіраўнікі акадэміі, відавочна, не жадалі і ўсяляк блякавалі правядзеньне конкурсу, напэўна, чакаючы спрыяльнага моманту, калі можна будзе не выконваць статутнае патрабаваньне, бо ніхто не асьмеліцца пратэставаць.

Так яно цяпер і адбылося. Вучоны сакратар Акадэміі Аляксандар Падлужны, які прадстаўляў Сташкевіча калектыву, толькі няпэўна паабяцаў, што, магчыма, на працягу году конкурс і выбары адбудуцца.

Далейшы лёс акадэміка Касьцюка невядомы. Сам ён пакуль што знаходзіцца ў цяжкім псыхалягічным стане й даць менавіта сёньня інтэрвію "Радыё Свабода" не пажадаў.

Ад адной высокапастаўленай у Інстытуце асобы, якая прасіла не называць яе прозьвішча, я даведалася, што паміж Касьцюком і Вайтовічам склаліся вельмі напружаныя адносіны.

Вайтовіч няспынна папракаў Касьцюка за тое, што яшчэ ў 1993 годзе ганаровым сябрам Інстытуту быў абраны эмігрант Міхась Белямук, і што ў "Нарысах па гісторыі Беларусі" зьявіўся разьдзел пра эмігрантаў. Ставілася яму ў віну і тое, што нарыс пра Барыса Кіта займае больш мейсца, чым нарыс пра былога прзыдэнта Акадэміі Купрэвіча.

І навогул, кіраўніцтва Акадэміі лічыла, што ў Інстытуце гісторыі існавала занадта лібэральная атмасфэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG