Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лістапада 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Слуцак

Сёньня ў Слуцку на мяйсцовым стадыёне адбыўся пікет супраць палітыкі ўладаў, якая вядзе да далейшага зьбядненьня насельніцтва. Пікет стаў першай акцыяй на Меншчыне, "выкупленай" апазыцыяй у мяйсцовых уладаў за наяўныя грошы.

Нагадаю нашым слухачом, што Слуцкі гарадзкі выканаўчы камітэт за абслугоўваньне мяйсцовым аддзелам нутраных справаў сёньняшняга пікету запатрабаваў ад ягоных арганізатараў шэсьць мінімальных заробкаў.

Каб не зрываць акцыю, адзін з групы заяўляльнікаў, сустаршыня Каардынацыйнае Рады дэмакратычных сілаў Случчыны Аляксандар Катляроў здолеў за некалькі дзён сабраць грошы й пералічыць іх на рахунак ГРАУС.

Але, як сёньня згадаў Мікола Сьмірноў – лідэр адзінай у краіне вясковай "пярвічкі" Беларускага незалежнага прафэсійнага зьвязу, што дзеіць у саўгасе "Слуцак", за такую суму ўлады маглі б дазволіць правядзеньне акцыі дзе-небудзь бліжэй да цэнтру гораду, а не на аддаленым стадыёне, за мэталёвым турнікетам блізу засьнежанай алеі парку.

Дарэчы, міліцэйскай абслугі я адразу й не заўважыў, пакуль Аляксандар Катляроў не паказаў у бок вуліцы Леніна: "За грамадзкую бясьпеку адказнасьць на сябе ўзяў я (…) А вось насупраць, вунь праз дарогу, машынка стаіць, каторая ахоўвае парадак наш. Во бачыце, да? Ну яны ня ўмешваюцца ў нашую працу. Пакуль што".

Тым ня меней, слуцакі хто па аднаму, хто невялічкімі купкамі падыходзілі да пікетоўцаў.

Асабліва шмат пытаньняў было да спадара Сьмірнова, прадстаўніка апазыцыйнага сялянства. Ён распавёў цікаўным пра кастрычніцкі страйк мэханізатараў саўгасу "Слуцак", якія выйгралі працоўны канфлікт у адміністрацыі і дамагліся істотнага падвышэньня заробкаў. Пра тое, што зараз дырэкцыя пачынае цкаваць некаторых арганізатараў страйку, намагаецца іх падвесьці пад звальненьне з гаспадаркі, як такое ўвесну ўчыніла з самім Сьмірновым. Што сяляне ў асноўнай сваёй масе лічаць за лепшае цярпець несправядлівасьць ды нішчымніцу, чым канфліктаваць з начальствам.

Гаворыць Мікола Сьмірноў: "Ёсьць боязь. Боязь за свае сем'і , так як вы ведаеце: на вёсцы ўсё залежыць ад гаспадаркі. А прыватнай гаспадарцы без дапамогі саўгасу будзе вельмі й вельмі дрэнна. (:) Будзем змагацца за сваё права, за права сваіх дзяцей і ўсёй Беларусі".

І яшчэ адна навіна, якую мне паведаміў Аляксандар Катляроў. Пасьлязаўтра, 28 лістапада, у гонар 79-х угодкаў Слуцкага Збройнага чыну на гэтым стадыёне ўсё ж адбудзецца мітынг.

Спадару Катлярову пашанцавала сабраць суму грошай, якая складае 71 "мінімалку" і якую за акцыю ад заяўляльнікаў запатрабавала тая ж гарадзкая вэртыкаль. Паводле словаў Катлярова, грошы ахвяравалі сяляне зь ліку нашчадкаў слуцкіх ваяроў, прадпрыймальнікі й нават асобныя дзяржаўныя чыноўнікі, што, натуральна, пажадалі застацца невядомымі.

Сёньняшні пікет прайшоў спакойна. На момант ягонага заканчэньня затрыманых ды заарыштаваных не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG