Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лістапада 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Парлямэнт Харватыі ў сераду прыняў папраўку ў канстытуцыю, якая дае магчымасьць часова перадаць паўнамоцтвы прэзыдэнта краіны сьпікеру парлямэнту. Рашэньне зьвязанае са станам здароўя прэзыдэнта Франьё Туджмана, які ацэньваецца лекарамі як крытычны.

Сытуацыю аналізуе ў сёньняшнім нумары газэты "New York Times" аглядальнік Стывен Эрленджэр.

Лекары Туджмана паведамілі, што стан ягонага здароўя пагоршыўся. Ён характарызаваўся як вельмі дрэнны яшчэ тры тыдні таму, калі Тудждман быў тэрмінова шпіталізаваны. Ходзяць упартыя чуткі, што прэзыдэнт, хворы на рак страўніка, падключаны да апарату штучнага дыханьня. І што ягонае жыцьцё будзе падтрымлівацца з дапамогай мэдычнай апаратуры да таго часу, пакуль пануючая партыя Туджмана, Харвацкі Дэмакратычны саюз, ня знойдзе яму замену. Зважаючы на гэтыя чуткі, партыя зрабіла ў сераду афіцыйную заяву, што Туджман жывы.

Раней на гэтым тыдні ён ня змог падпісаць указ аб прызначэньні парлямэнцкіх выбараў, заплянаваных на 22 сьнежня. Гэта выклікала ў краіне тужлівае чаканьне, якое нагадала многім 1980-ы год, калі Югаславія цягам чатырох месяцаў назірала за тым, як паміраў заснавальнік СФРЮ Ёсіп Броз Ціта.

77-гадовы Туджман, які пераняў звычкі Ціта і ягоную любоў да вайсковых мундураў, увайшоў у гісторыю як югаслаўскі гэнерал войска, пад кіраўніцтвам якога Харватыя выйшла са складу Югаславіі ў часе краху камунізму ды распаду фэдэрацыі.

Туджман аднаасобна правіў Харватыяй з 1991 году, і ягоныя паўнамоцтвы былі працягнутыя на выбарах у 97-м годзе. Аднак, карумпаваная эканоміка ды кумоўства, парушэньне правоў чалавека, жорсткая цэнзура ў сродках масавай інфармацыі, асабліва на тэлебачаньні й радыё, выклікалі сур'ёзную крытыку рэжыму з боку ЗША і Эўрапейскага зьвязу.

У прыватнасьці, міжнародная супольнасьць хацела б, каб харвацкі ўрад больш актыўна супрацоўнічаў зь міжнародным трыбуналам у Гаазе ў справе ваенных злачынстваў і не адмаўляў у выдачы асобаў, якія падазраюцца ў такіх злачынствах, каб быў адноўлены свабодны рух паміж Харватыяй і Сэрбіяй, а таксама, каб у краіне адбыліся свабодныя й справядлівыя выбары.

Цяперашняя сытуацыя ў краінем палягае на непапулярнасьці палітыкі марыянэткавай партыі Туджмана, пачынаючы ад стагнацыі ў эканоміцы, паўсядзённай карупцыі і высокага беспрацоўя.

Сацыялягічныя апытаньні на пачатку гэтага месяцу паказалі, што апазцыйныя левацэнтрысцкія сілы могуць заваяваць большасьць на выбарах.

Правядзеньне выбараў 22 сьнежня, напярэдадні калядаў, насамрэч, магло б дапамагчы пануючай партыі Харвацкі Дэмакратычны саюз захаваць свае пазыцыі, паколькі Харватыя – пераважна каталіцкая краіна, і многія з патэнцыйных апанэнтаў ХДС ад'язжаюць на вакацыі за мяжу

Аднак, тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў завяршаецца ў гэтую сыботу, і пакуль няма рашэньня, калі адбудуцца выбары.

Пасьля сьмерці Туджмана ягоная партыя можа падзяліцца на тры фракцыі. Адну зь іх узначальвае зараз дарадца прэзыдэнта, лідэр так званага Гэрцэгавінскай групоўкі, якая падтрымлівае харватаў Босьніі, Івіца Пасаліч. Другую ачольвае намесьнік сьпікера парлямэнту, скрайні нацыяналіст Улдазімер Сэкс (гэта ён выступіў па нацынальным тэлебачаньні з заявай, што Туджман жыве.) На чале трэцяй – больш памяркоўны, арыентаваны на Эўропу міністар замежных справаў Матэ Граніч, на якога робіць стаўку Вашынгтон.

У выпадку сьмерці Туджмана краінай цягам двух месяцаў будзе кіраваць сьпікер парлямэнту Улатка Паўлеціч – да моманту, пакуль адбудуцца выбары новага прэзыдэнта.

Паводле канстытуцыі, новы парлямэнт павінен быць сфармаваны 27 студзеня, праз месяц пасьля выбараў. Дзеля таго, каб выбары адбыліся ў сьнежні, указ аб іхным правядзеньні павінен падпісаць прэзыдэнт, альбо – у выпадку часовага перайманьня ягоных паўнамоцтваў – сьпікер парлямэнту яшчэ на гэтым тыдні. Парлямэнт апынуўся ў цяжкім становішчы, паколькі працэдура перадачы прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў прадугледжаная толькі ў выпадку адстаўкі прэзыдэнта, альбо ягонай сьмерці. Намесьнік сьпікера Сэкс назваў перадачу уладных паўнамоцтваў пры жыцьці прэзыдэнта амаральнай.

Аднак, надзвычайная сэсія парлямэнту ўнесла ў канстытуцыю папраўку, паводле якой зьявілася вызначэньне "часовай недзеяздольнасьці" прэзыдэнта, якую яшчэ павінен разгледзець, паводле запыту Кабінэту міністраў, Канстытуцыйны суд. На гэтую працэдуру патрэбны месяц, цягам якога палітычная нестабільнасць у Харватыі можа працягвацца – піша газэта "New York Times"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG