У расейскім друку значна ўзрасла колькасьць публікацыяў на тэму дамовы аб стварэньні саюзу Беларусі й Расеі. Пры гэтым прыхільнікі саюзу ў абедзьвюх краінах зьвяртаюцца да сацыялягічных апытаньняў, вынікі якіх часта супярэчаць задуме арганізатараў. Найбольшая колькасьць публікацыяў на тэму саюзу Беларусі й Расеі – у сёньняшнім нумары "Парламентской газеты". Тут і артыкул сьпікера Дзяржаўнай Думы Селязьнёва пад характэрнай назвай "Ад белавескай трагедыі да адзінай дзяржавы" і інтэрвію зь кіраўнікамі думскіх камісіяў ды фракцыяў. У адным з артыкулаў сьцьвярджаецца, быццам у абмеркаваньні праекту дамовы ўзялі ўдзел амаль паўтара мільёны грамадзянаў Беларусі й Расеі. Праўда, газэта адразу агаворваецца, што ў Расеі тэкст праекту быў апублікаваны толькі ў "Российской газете" ды некалькіх мяйсцовых выданьнях. Тым ня менш, у галоўным арганізацыйна-аналітычным упраўленьні Выканаўчага камітэту Саюзу, лічаць, што свае адносіны да дамовы цягам абмеркаваньня розным чынам выказалі больш за 300 тысяч чалавек. "Парламентская газета". прыводзіць вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага паводле просьбы выканкаму. Як выявілася, моладзь праявіла найменшую актыўнасьць у абмеркаваньні сярод усіх слаёў насельніцтва. Цалкам у падтрымку дамовы выказаліся 64 адсоткі апытаных, супраць – 15 адсоткаў. Што тычыць суб'ектаў Фэдэрацыі, найменшай падтрымкай дамова карыстаецца ва ўральскім рэгіёне. А вось на Паўночыным Каўказе, калі верыць вынікам апытаньня, у падтрымку саюзу выказаліся больш за 70 адсоткаў. Цікава, што лічба ў паўтара мільёны чалавек, якія, нібыта, узялі ўдзел у так званым усенародным абмеркаваньні дамовы ў Беларусі й Расеі, пярэчыць нават афіцыйным зьвесткам беларускага боку. Газэта "Новые Известия" прыводзіць выказваньне віцэ-прэм'ера Беларусі Леаніда Козіка, паводле якога ў абмеркаваньні ўзялі ўдзел 150 тысяч беларускіх грамадзянаў. Зь іх, маўляў, 99 з паловай адсоткі, нібыта выказаліся адназначна ў падтрымку дамовы. Крыху пазьней, як піша аўтар "Новых Известий", дзяржаўныя СМІ Беларусі паведамілі крыху больш сьціплую лічбу – 91 адсотка.
Аднак, дасьледаваньні сацыялягічнай лябараторыі "Новак" паказалі зусім іншыя лічбы – толькі 4 адсоткі апытаных лічаць, што Беларусь павінная ўвасьці ў склад Расеі, яшчэ блізу 13 адсоткаў лічаць неабходным стварэньне кафнэдэрацыі і больш за 30 адсотак апытаных заявілі, што яны супраць саюзнай дзяржавы. А паводле вынікаў апытаньня сацыялягічнай групы "Шчырасьць" у Берасьці супраць інтэграцыі з Расеяй наогул выступаюць 43 адсоткі. У кожным выпадку, тэкст дамовы вклікае шмат пытаньняў. "Комсомольская правда" надрукавала дзесяць найбольш вострых пытаньняў ды адказы на іх на падставе праекту дамовы. Вось толькі некалькі зь іх. Якой валютай будуць разьлічвацца у будучым саюзе браты-славяне? Адказ: пераход на адзіную валюту можа адбыцца толькі ў 2005-м годзе. Хутчэй за ўсё, сьцвярджае газэта, гэта будзе расейскі рубель. Ці можа адна зь дзяржаваў у аднабаковым парадку выйсьці са складу саюзу? Можа. Але толькі на падставе рэфэрэндуму і толькі праз 18 месяцаў пасьля ягонага правядзеньня. І нарэшьце, як будзе вырашацца праблема: у Расеі прэзыдэнт –дэмакрат, які падтрымлівае свабоду слова, друку, сходаў ды іншыя лібэральныя каштоўнасьці, а ў Беларусі – аўтарытарны кіраўнік.
Маскоўская газэта прапануе такі адказ: расейскае кіраўніцтва перакананае, што дзеля стратэгічнгых выгодаў пойдзеш на саюз хоць з д'яблам.