Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лістапада 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Апошнія ініцыятывы ў справе беларуска-расейскай інтэграцыі знайшлі сваё адлюстраваньне ў ацэнцы аналітыка Радыё Свабода Пола Гобла.

Паводле меркаваньня вашынгтонскага аналітыка, новая дамова пагражае пэрспэктывам дэмакратыі ў абедзвюх краінах, стабільнасьці на постсавецкай прасторы і яшчэ болей абвастрае ўзаемаадносіны Масквы зЗахадам.

Вашынгтонскі аналітык спыняецца на сутнасьці інтэграцыйнага працэсу, распачатага ў 96 годзе Ельцыным і Лукашэнкам. Дамова захоўвае сувэрэнітэт кожнай краіны, аднак прадугледжвае стварэньне канфэдэратыўнага ўраду, адзінай мытні, мяжы і ў пэрспэктыве – адзінай валюты.

Пры тым, што абодва бакі разыходзяцца ў ацэнках тэмпаў інтэграцыі, выглядае, што менавіта цяпер пазыцыі і Масквы, і Менску у справе аб'яднаньня найбольш блізкія. І гэта дае падставы меркаваць, што новае аб'яднаньне будзе жыць сваім асобным жыцьцём, нават калі новае пагадненьне ня будзе пунктуальна выкананае.

З аднаго боку, выглядае, што й беларусы, і расейцы павінны выкарыстоўваць магчымасьці ў мэтах інтэграцыі. А з другога боку, лідэры іншых постсавецкіх дзяржаваў, як і некаторыя на Захадзе, бачаць магчымасьць пераадоліць цяжкасьці ў рэінтэграцыі.

Аднак, нягледзячы на спрэчныя пытаньні, якія высьвятляцца не раней чым праз некалькі месяцаў, тры рэчы відавочныя ўжо цяпер. Гэтае пагадненьне падрывае падмуркі дэмакратыі як ў Беларусі, гэтак і ў Расейскай Фэдэрацыі. Сваю выгоду мае Ельцын, які можа скарыстаць новую сытуацыю для захаваньня свайго ўплыву і пасьля 2000 году, але і аўтарытарызм, які ўзмацняецца ў Беларусі, можа распаўсюдзіцца на ўсход.

Вашынгтонскі аналітык Пол Гобл цытуе экс-сьпікера Станіслава Шушкевіча, які лічыць Расею галоўнай прычынаю цяжкасьцяў у Беларусі, і засяроджвае ўвагу на тым, што ў памкненьні да інтэграцыі аб'ядналіся практычна ўсе расейскія палітычныя партыі.

Больш таго, памкненьне да інтэграцыі прымушае Маскву абараняць ўсе ўчынкі Лукашэнкі. Напрыклад, нядаўна Менск наведаў расейскі упаўнаважаны ў справах абароны правоў чалавека Алег Міронаў і паставіў пад сумнеў крытыку становішча грамадзянскіх правоў у Беларусі з боку Захаду.

"Я прыехаў, каб разьвеяць міф пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі", – заявіў Міронаў у Менску, не зважаючы нават на разгон дэманстрацыяў, зьнікненьне апазыцыйных лідэраў і пастаянную крытыку Менску з боку замежных інстытуцыяў, у тым ліку і АБСЭ.

Такая пазыцыя Масквы, якая сама парушае правы чалавека ў Чачні, можа быць разгледжаная ў кантэксьце крытыкі з боку Захаду.

Па-другое, новая дамова дэстабілізуе постсавецкую прастору. Гэты пакт, як называе яго Пол Гобл, ставіць пад сумнеў рашэньні 91 года аб дэнансацыі СССР, і адраджае дыскусіі пра тое, што іншыя постсавецкія краіны павінны далучыцца альбо да "славянскага саюзу", альбо да нечага яшчэ боль шырэйшага.

Некаторыя лідэры могуць быць апантаныя гэтай ідэяй, іншыя могуць спрачацца, але ўсім прыйдзецца вызначыць свае адносіны да гэтай новай саюзнай дамовы, асабліва калі Заходнія ўрады пагодзяцца з магчымасьцю "дэмакратычнай" ратыфікацыі гэтай дамовы. Да гэтага часу заходнія краіны прытрымліваліся гэтага правіла, але яны не далі ясна зразумець, як такое галасавньне можа адбыцца паводле правілаў Лукашэнкі.

Але існуе і іншы фактар, які можа ўнесьці дэстабілізацыю, адзначае Пол Гобл. Асобныя расейскія аналітыкі ўжо выказалі меркаваньне, што некаторыя суб'екты Расейскай Фэдэрацыі (напрыклад, Татарстан), могуць далучыцца да новага саюзнага ўтварэньня менавіта дзеля таго, каб выйсьці з падпарадкаваньня Масквы. Гэта можа непасрэдна пагражаць цэласнасьці Расейскай Фэдэрацыі і, безумоўна, не задаволіць Маскву.

Нарэшце, новая дамова будзе спрыяць пагаршэньню узаемаадносінаў паміж Масквой і Захадам, якія ў выніку чачэнскай кампаніі і без таго дасягнулі найвышэйшай ступені напружанасьці, пачынаючы з часоў распаду СССР.

У выніку, лічыць вашынгтонскі аналітык Пол Гобл, апошняе пагадненьне паміж Ельцыным і Лукашэнкам, нават калі і ня будзе цалкам выканана, можа зьявіцца пунктам павароту міжнароднае сыстэмы. Магчыма, у гэтым маюць патрэбу абодва падпісанты, але гэта тое, да чаго іншыя, у тым ліку і большасьць беларусаў і расейцаў, выказваюць засьцярогу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG