Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Напярэдадні падпісаньня беларуска-расейскае дамовы быў узгоднены паліўна-энэргетычны балянс Расеі і Беларусі – адзін з найважнейшых эканамічных дакумэнтаў ва ўзаемных стасунках паміж дзьвюма краінамі. У ім прадугледжана, што й без таго скарочаныя аб'ёмы паставак расейскіх паліўных рэсурсаў у Беларусь па нізкіх коштах у наступным годзе зьменшацца яшчэ больш.

Прыроднага газу ў наступным годзе Беларусь атрымае на 1,2 мільярды кубамэтраў меней, чым сёлета. Усяго паводле балянсу ў Беларусь павінна паступіць каля 14,5 мільярдаў кубамэтраў.

Патрэбы краіны значна большыя. Прадпрыемству "Белтрансгаз" патрэбна каля 21 мільярду кубамэтраў. Пры гэтым кошты на расейскі прыродны газ будуць удвая вышэй, чым прасіла беларускае кіраўніцтва. Як і сёлета, Беларусі давядзецца плаціць па 30 даляраў за тысячу кубамэтраў. У той жа час расейскія спажыўцы набываюць газ па 15 даляраў.

Відавочна, што расейскі бок ставіцца да хаўрусных стасункаў вельмі рацыянальна. Хаўрусьнік можа сказаць Беларусі добрае слова, але яго ў першую чаргу цікавяць уласныя эканамічныя інтарэсы.

Скароцяцца й пастаўкі электрычнай энэргіі з Расеі. У наступным годзе Беларусь атрымае яе на мільярд кіляват меней, чым сёлета.

На першы погляд, Расея павялічвае продаж ў Беларусь нафты. У наступным годзе плянуецца атрымаць яе на 1,5 мільёны тонаў больш, чым сёлета. Аднак бальшыня гэтага паліва будзе паступаць у Беларусь на давальніцкіх умовах.

Гэта значыць, выкарыстоўваюцца толькі перапрацоўчыя магутнасьці беларускіх прадпрыемстваў. Адпаведна, экспарт бэнзыну зь Беларусі ў Расею павялічыцца ўтрая, а пастаўкі ў Расею дызэльнага паліву – яшчэ больш.

Чаго расейцам для "братняй" Беларусі не шкада, дык гэта вугалю. Яго Беларусь атрымае ўдвая больш, чым сёлета.

Зразумела, што адзіны паліўна-энэргетычны балянс прадугледжвае толькі пастаўкі па нізкіх коштах. Астатняе Беларусь можа купляць па ўсясьветных цэнах у любых аб'ёмах.

Аднак, гледзячы на гэтыя лічбы, ня вельмі зразумела, чаму Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджае, што пасьля падпісаньня хаўруснае дамовы эканамічны стан Беларусі палепшыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG