Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Сёньня дэпутацыя суполкі Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў Менскага аўтамабільнага заводу наведала амбасады Нямеччыны, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Вялікабрытаніі, Італіі ды перадала іхным прадстаўніком зварот да народаў гэтых краінаў із просьбаю аб заступніцтве за сябраў згаданай грамадзкай арганізацыі. Апошнія, як вядома, церпяць перасьлед з боку дырэкцыі МАЗу й беларускіх уладаў.

Сёньня ўраніцу дэпутацыя аўтазаводзкае суполкі Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў ад прахадной свайго прадпрыемства скіравалася ў цэнтар сталіцы, каб сустрэцца з прадстаўнікамі амбасадаў ды падзяліцца зь імі тымі бедамі, якія сябры СПМ вымушаныя цярпець праз самавольства адміністрацыі ды мяйсцовых ворганаў улады.

Як распавялі мне ўдзельнікі акцыі, Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт санкцыянаваў яе, але бяз шэсьця па вуліцах гораду пад сьцягамі прафэсійнага зьвязу. Праўда, улады дазволілі разгортваць сьцяг пад час уручэньня адмысловага звароту прадстаўнікам амбасадаў. Пры гэтым чыноўнікі абмежавалі колькасьць дэпутатыцыі дваццацьцю чалавекамі.

Таму група прадстаўнікоў Незалежнага прафэсійнага зьвязу гарнякоў, якая прыбыла з Салігорску, каб маральна падтрымаць рабочых аўтазаводу, не ўзяла ўдзел у сустрэчах з замежнымі дыпляматамі.

У дакумэнце, які на даручэньне Рады суполкі Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў падпісаў старшыня арганізацыі Міхал Марыніч, у прыватнасьці, гаворыцца:

"Ажыцьцяўлялася спроба высяленьня з памяшканьня кіруючых ворганаў суполкі, непералічэньня на рахунак прафэсійнага зьвязу сяброўскіх складак. Падатковымі службамі замарожаны рахунак арганізацыі ў банку, адміністрацыяй МАЗу вядзецца дзейнасьць па зрыву калектыўных перамоваў".

Завяршаецца зварот просьбаю да народаў памянёных краінаў даручыць сваім урадам ажыцьцяўленьне пэўных санкцыяў супраць беларускіх уладаў і, такім чынам, дапамагчы аднавіць парушаныя правы прафзьвязовай арганізацыі.

Па ўсім шляху рабочых МАЗу суправаджаў міліцэйскі "варанок". Пераапрануты ў цывільнае прадстаўнік ворганаў нутраных справаў быў, так бы мовіць, "укаранёны" ў самую дэпутацыю.

Дэлегацыя сустрэлася з дыпляматамі амбасадаў Злучаных Штатаў Амэрыкі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Італіі. Прычым, ля брытанскай амбасады аўтазаводзкіх прафзьвязавікоў вітаў амбасадар Вялікабрытаніі спадар Кельлі. Прафзьвязовыя актывісты меліся завітаць і ў расейскую амбасаду, але адтуль на запыт Міхала Марыніча праз дамафон пачулася: "По почте перешлите". Вось як пракамэнтаваў гэты факт спадар Марыніч: "Мы лічым, што прадастаўнікі расейскай амбасады падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі".

"Напярэдадні падпісаньня гэтак званае "дамовы" яны ня хочуць, каб вось гэтая лыжка дзёгцю сапсавала бочку іхнага мёду", – зазначыў Міхал Марыніч, які разам са сваімі прыхільнікамі спадзяецца, што іхная акцыя ўратуе суполку ад супрацьдзеяньня заводзкай адміністрацыі ды беларускіх уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG