Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

200 дзён таму зьнік вядомы дзяяч апазыцыі, былы міністар нутраных справаў Юры Захаранка. Беларускія ўлады і апазыцыя вядуць паралельныя пошукі былога міністра, але гэтыя намаганьні пакуль не прыносяць вынікаў – заяўляюць у пракуратуры Менску і ў Зьвязе афіцэраў Беларусі, які стварылі аднадумцы Юрыя Захаранкі.

Сьледчы гарадзкой пракуратуры Сьвятлана Байкова, якая расьледуе справу аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, заявіла мне сёньня, што ніякіх сьлядоў зьніклага міністра яна, на жаль, не знайшла. "Днямі я падала рапарт пра падоўжаньне расьледваньня яшчэ на месяц, але калі за сьнежань так нікога й не знойдзем, прыйдзецца справу прыпыняць", – сказала Сьвятлана Байкова.

Яна станоўча ацэньвае намаганьні міліцыі, якія рабіліся, каб знайсьці Захаранку. Паводле яе словаў, ледзь ня цэлы полк нутраных войскаў быў задзейнічаны, але й гэта выніку не дало.

Гаворачы пра дзейнасьць грамадзкае камісіі, якая паралельна шукала сьляды злачынства, сьледчая пракуратуры сказала, што давярае атрыманым гэтай камісяій дадзеным, у тым ліку й паказаньням ананімных сьведкаў, якія казалі, што бачылі, як Захаранку схапілі людзі ў цывільнай вопратцы.

"Асабіста я схільная думаць, што так магло быць, але нам не ўдалося знайсьці ніводнага, хто б пагадзіўся падцьвердзіць гэтыя паказаньні. І гэта я таксама разумею – мы ж ведаем, у які час жывем", – сказала сьледчая менскае пракуратуры Сьвятлана Байкова. Таксама яна заявіла, што пакуль не раскрытыя матывы здарэньня, немагчыма адказаць на пытаньне, ці мае яно палітычныя прычыны.

Са свайго боку, аднадумцы Юрыя Захаранкі не сумняюцца, што былога міністра нутраных справаў скралі зусім ня вулічныя хуліганы ці крымінальнікі, якіх ён калісьці лавіў. Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка лічыць:

(Костка: ) "Захаранка проста адкрытым тэкстам казаў тое, пра што многія думаюць, і гэта выклікала незадавальненьне з боку ўладаў".

Валер Костка з сумнівам ставіцца да вэрсіі, згодна зь якой да гэтага здарэньня маюць адносіны расейскія спэцслужбы.

Нагадаю, гэтая вэрсія апошнім часам актыўна цыркулюе сярод дзеячоў апазыцыі ды ў незалежніцкім друку. Маўляў, усе крыніцы у нашых спэцслужбах зьвярнулі ўвагу на тое, што пра здарэньне з Захаранкам няма ніякіх уцечак інфармацыі, што было б немагчыма, калі б апэрацыю сапраўды праводзілі б нашыя спэцыялісты.

Валер Костка тое самае кажа пра крыніцы ў расейскіх спэцслужбах. Паводле ягоных словаў, гэтыя крыніцы таксама клянуцца, што ня маюць да зьнікненьня нашага міністра аніякага дачыненьня. Падпалкоўнік КГБ у адстаўцы Костка ўсё ж схільны шукаць карані злачынства ў Беларусі.

(Костка: ) "Нам клянуцца прадстаўнікі расейскіх спэцслужбаў, што яны да гэтай справы ніякіх адносінаў ня маюць. А вось для нашых якраз практычна атрымліваецца, што Захаранка падвяргаў рэзкай крытыцы спадара Лукашэнку за яго дзеяньні, і тыя службы, якія працуюць на… у тым ліку і тыя, якія ўзначальвае Шэйман, і тут, безумоўна, для нашых спэцслужбаў гэта было больш небясьпечнай зьявай, чым для расейскіх".

Таксама, паводле Валера Косткі, нашыя ўлады вельмі апасаліся, што Юры Захаранка створыць Зьвяз беларускіх афіцэраў, пра што ён марыў і на што працаваў у апошнія месяцы перад зьнікненьнем.

Пэрспектыва зьяўленьня такой непадкантрольнай уладзе арганізацыі, паводле зьвестак Косткі, разглядалася як вельмі небясьпечная ва ўладных кабінэтах.

І ўсё ж нават зьнікненьне былога міністра не спыніла працу, якую ён пачаў. Днямі ў Менску, як паведаміў Костка, без папярэдняга афішаваньня прайшоў устаноўчы з'езд Зьвязу беларускіх афіцэраў, на якім была ўтвораная гэтая арганізацыя. Яе мэты наступныя:

(Костка: ) "Сувэрэннасьць, незалежнасьць дзяржавы; законнасьць і стабільнасьць у грамадзтве; гонар, годнасьць афіцэра; дабрабыт у сям'і.
Мы фактычна завершылі тую справу, якую пачынаў Захаранка".

Былы міністар нутраных справаў Юры Захаранка быў абраны на гэтым зьезьдзе ганаровым старшынём Зьвязу афіцэраў. "Мы спадзяемся, што прыйдзе час, калі Захаранка зможа па-сапраўднаму ўзначаліць нашыя шэрагі", – кажа Валер Костка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG