Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Рэалізацыя дакумэнтаў, падпісаных на саміце ў Стамбуле, а таксама падрыхтоўка да падпісаньня Дамовы пра ставарэньне хаўруснае дзяржавы паміж Беларусьсю й Расеяй будуць галоўнымі кірункамі працы Міністэрства замежных справаў Беларусі. Пра гэты сёньня заявіў журналістам кіраўнік ведамства вонкавай палітыкі краіны Урал Латыпаў.

Сёньня Урал Латыпаў паведаміў, што пасьля вяртаньня са Стамбулу Аляксандар Лукашэнка загадаў Міністэрству замежных справаў Беларусі нармалізаваць адносіны са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Спадар Латыпаў даў зразумець, што такое рашэньне ёсьць непасрэдным вынікам кароткатэрміновае размовы Біла Клінтана з Лукашэнкам, якая нібыта адбылася часам саміту АБСЭ. Латыпаў адмовіўся размаўляць пра пэрспэктывы паляпшэньня стасункаў са Злучанымі Штатамі.

МЗС Беларусі актыўна рыхтуе маючы адбыцца візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву. Падпісаньне Дамовы пра стварэньне хаўруснае дзяржавы міністар назваў галоўнай падзеяй. Латыпаў не паведаміў падрабязнасьці маючага адбыцца візыту. Таксама невядома, ці былі ўнесеныя зьмены ў праект дамовы паводле вынікаў так званага ўсенароднага абмеркаваньня.

Спадар Латыпаў адмовіўся пракамэнтаваць заяву лідэра Хаўрусу правых сілаў Расеі. Учора Сяргей Кірыенка заявіў, што ў разе падпісаньня дамовы ён зьвернецца ў Канстытуцыйны суд Расеі па заключэньне пра адпаведнасьць дакумэнта заканадаўству Расейскае Фэдэрацыі. Як прызнаўся міністар замежных справаў, ён ня хоча ўмешвацца ў нутраныя справы суседняе дзяржавы.

Урала Латыпава не засмучае той факт, што стварэньне хаўруснае дзяржавы супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Нэўтралітэт, прапісаны ў 18-м артыкуле асноўнага закону, не зьяўляецца самамэтаю дзяржавы. А таму, лічыць Латыпаў, нэўтралітэт можна спалучаць зь інтэргацыяй.

Міністар замежных справаў заявіў, што Беларусь будзе крочыць у Эўропу праз зьбліжэньне з Расеяй. На маючай адбыцца сумеснай калегіі міністэрстваў замежных справаў плянуецца выпрацаваць плян сумесных дзеяньняў па выкананьню дакумэнтаў, што былі падпісаныя пад час саміту ў Стамбуле.

Сёньня ж Урал Латыпаў даволі рэзка пракамэнтаваў выказваньні прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага наконт праблемы з выкананьнем правоў чалавека ў Беларусі. "Для Менску, – сказаў Латыпаў, – выказваньні польскага боку не зьявіліся нечаканасьцю".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG