Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Найбольш істотныя заўвагі, зробленыя Кансультацыйна-наглядальнай групаю АБСЭ ў адносінах да праекту Выбарчага кодэксу, ня былі ўлічаныя пры прыняцьці кодэксу "Палатаю прадстаўнікоў" у першым чытаньні. Пра гэта паведаміў "Радыё Свабода" кіраўнік групы АБСЭ Ганс-Георг Вік. Спасылаючыся на дэклярацыю Стамбульскага саміту АБСЭ, сп. Вік заявіў, што Выбарчы кодэкс павінен стаць вынікам перамоваў паміж уладаю і апазыцыяй.

На мінулым тыдні "Палата прадстаўнікоў" прыняла ў першым чытаньні Выбарчы кодэкс. Афіцыйныя мэдыі, паведамляючы пра гэта, падкрэсьлівалі, што ў прынятым дакумэнце былі ўлічаныя амаль усе заўвагі, зробленыя Кансультацыйна-наглядальнай групаю АБСЭ.

Я папрасіў пракамэнтаваць гэтыя паведамленьні кіраўніка групы АБСЭ Ганса-Георга Віка. Сп. Вік заявіў, што некаторыя рэкамэндацыі АБСЭ, сапраўды, улічаныя. З законапраекту выключаны пункт пра адказнасьць тых, хто заклікае да байкоту выбараў. Пашыраныя магчымасьці абскарджваць у судзе вынікі спраўджаньня подпісаў у падтрымку кандыдатаў.

Паводле словаў сп. Віка, адбыліся пэўныя паляпшэньні ў фармаваньні выбарчых камісіяў: кодэкс, прыняты ў першым чытаньні, прадугледжвае, што выбарчыя камісіі будуць стварацца ня толькі выканаўчымі камітэтамі, але й мяйсцовымі Саветамі. Але кіраўнік групы АБСЭ нагадаў, што цяперашнія мяйсцовыя Саветы сфармаваныя ня праз свабодныя і справядлівыя выбары, а сталі вынікам выбарчага працэсу "савецкага" тыпу.

Ганс-Георг Вік лічыць гэтыя зьмены важнымі, але ня самымі важнымі. Ён пералічыў заўвагі, якія група АБСЭ разглядае, як больш істотныя і якія не былі ўлічаныя пры прыняцьці законапраекту ў першым чытаньні.

Прадстаўніцтва АБСЭ настойвае, каб палітычныя партыі, якія складаюць апазыцыю, былі належным чынам прадстаўленыя як у рэгіянальных, гэтак і ў цэнтральнай выбарчай камісіі; каб права доступу ўдзельнікаў выбарчага працэсу да сродкаў масавай інфармацыі было замацаванае ў выбарчым кодэксе.

Група АБСЭ лічыць, што нацыянальныя і міжнародныя арганізацыі павінны мець магчымасьць ажыцьцяўляць кантроль на ўсіх стадыях выбарчага працэсу. Нарэшце, прапануецца таксама зьнізіць парог яўкі выбарцаў для выбараў усіх узроўняў. Усе гэтыя парады ня былі ўлічаныя пры прыняцьці кодэксу ў першым чытаньні.

У інтэрвію "Радыё Свабода" Ганс-Георг Вік зьвярнуў увагу на яшчэ адзін прынцыповы момант. Ён заявіў, што зьмены ў выбарчым кодэксе, яго канчатковая рэдакцыя абавязкова павінны стаць вынікам перамоваў з апазыцыяй.

Дыплямат заўважыў, што гэтае патрабаваньне было ўключанае ў выніковую дэклярацыю Стамбульскага саміту АБСЭ. У пункце 22 дэклярацыі падкрэсьліваецца, што толькі рэальны палітычны дыялёг у Беларусі можа пракласьці шлях да свабодных і дэмакратычных выбараў.

Кіраўнік групы АБСЭ заявіў, што нават калі б выбарчы кодэкс улічваў усе найбольш важныя ды йстотныя заўвагі АБСЭ, прыняцьце яго немагчымае без ўдзелу апазыцыі. На ягоную думку, важнасьць гэтага пункту Стамбульскае дэклярацыі нельга недаацэньваць, яна была падпісаная ў тым ліку і афіцыйнымі уладамі Беларусі.

Са словаў амбасадара Віка вынікае, што перамовы з апазыцыяй ёсьць абавязковай ўмоваю прызнаньня парлямэнцкіх выбараў 2000 году ў Беларусі свабоднымі й справядлівымі.

Сёньня ж Ганс-Георг Вік назваў апошні тэрмін, калі гэтыя перамовы павінны завяршыцца й даць вынікі. Гэта – красавік наступнага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG