Замест заяўленае раней акцыі "Ланцуг Свабоды", 24 лістапада ў Менску пройдзе апазыцыйнае мерапрыемства пад назваю "Гадзіна смутку й салідарнасьці". Такое рашэньне прыняла Кардынацыйная рада дэмакратычных сілаў пасьля таго, як Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт перанес учора месца правядзеньня акцыі з праспэкту Скарыны на пляц Бангалёр. Як паведамілі нашаму радыё ў Кардынацыйнай радзе, арганізатары "Ланцугу Свабоды" адклікалі свае заяўкі на правядзеньне гэтай акцыі. На іхную думку, няма сэнсу праводзіць "ланцуг" на пляцы Бангалёр – месцы выгулу сабак – як гэта прапануюць сталічныя ўлады. Замест фактычна забароненай акцыі апазыцыянэры вырашылі правесьці іншую акцыю – пад назваю "Гадзіна смутку й салідарнасьці". Паводле задумы арганізатараў, 24 лістапада ў трэцюю гадавіну правядзеньня г.зв. "рэфэрэндуму", прыкладна дзьве тысячы чалавек выйдуць на праспэкт Скарыны з запаленымі сьвечкамі, ліхтарыкамі й партрэтамі тых, хто загінуў, зьнік ці знаходзіцца цяпер у зьняволеньні. Удзельнікі акцыі зьбіраюцца выцягнуцца ланцугом ад пляцу Я.Коласа да кінатэатру "Кастрычнік" і ад 18-й да 19-й гадзіны публічна прадэманстраваць сваю салідарнасьць з тымі, хто пацярпеў ад цяперашняе ўлады. Прадстаўнікі Кардынацыйнае рады гавораць, што дзень 24 лістапада ў нашае найноўшае гісторыі зьяўляецца чорным, бо менавіта ад гэтай даты, ад прэзыдэнцкага рэфэрэндуму 96-га году, пачаўся шлях Беларусі ў нікуды. Чаму ж арганізатары акцыі вырашылі абраць менавіта такую форму яе правядзеньня? Вось што паведаміў нашаму радыё на гэты конт адзін з арганізатараў "Ланцугу Свабоды", рэдактар газэты "Рабочий" Віктар Івашкевіч: (Івашкевіч: ) "Каб не падстаўляць людзей пад рэпрэсіі, мы заклікаем людзей ня браць ні сьцягоў, ні плякатаў, а проста выйсьці са сьвечкамі.
Ніякі закон аб мітынгах і маніфэстацыях ня можа забараніць людзям выйсьці не пешаходныя дарожкі свайго гораду са сьвечкамі і пастаяць там гдзіну". (Карэспандэнт:) "А што б Вы параілі людзям, якія прыйдуць на праспэкт Скарыны, прыносіць сьвефчкі і ліхтарыкі з сабой, ці арганізатары самі забясьпечаць удзельнікаў акцыі?" (Івашкевіч: ) "Пажадана прынесьці свае сьвечкі і ліхтарыкі. Прычым, сьвечкі, каб не задзімаліся ветрам ці сьнегам, патрабуюць нейкае прыкрыцьцё зьверху". Арганізатары акцыі лічаць, што гэтая акцыя не зьяўляецца пікетам, і дзеля яго правядзеньня ня трэба атрымліваць аніякага дазволу ад уладаў. Аднак прадстаўнікі Кардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў не выключаюць, што ўлады могуць ужыць сілу супраць людзей, што выйдуць на праспэкт. Каб пазьбегнуць супрацьстаяньня, арганізатары акцыі зьвярнуліся да кіраўніцтва менскае міліцыі з заклікам не рабіць правакацыяў супраць мірных удзельнікаў "Гадзіны смутку".