Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

26 лістапада ў Маскве будзе падпісаная дамова аб стварэньні хаўруснае дзяржавы Беларусі й Расеі. Выступаючы на саміце АБСЭ ў Стамбуле Аляксандар Лукашэнка заявіў, што хаўрус Беларусі й Расеі не скіраваны супраць іншых краінаў, а адкрыты для іхнага ўступленьня. Як паведаміў учора прадстаўнік выканаўчага камітэту беларуска-расейскага хаўрусу Сяргей Шухно, падпісаньне новае хаўруснае дамовы будзе толькі пачаткам чарговага раунду інтэграцыйнага працэсу.

У сваёй дзесяціхвіліннай прамове Аляксандар Лукашэнка назваў памылковым спадзяваньне, што ЭўраЗьвяз можа квітнець ў атачэньні краінаў зь нявырашанымі эканамічнымі й сацыяльнымі праблемамі. Ён выказаўся за тое, каб ўся Эўропа была адзіным ЭўраЗьвязам і патлумачыў, што на постсавецкай прасторы інтэграцыя адбываецца толькі таму, што гэты амбіцыйны плян ўсеагульнай інтэграцыі не зьдзяйсьняецца.

Варта адзначыць, што дзеля рэалізацыі мары беларускага кіраўніка аб адзінай Эўропе аніякіх фармальных перашкодаў няма. Менавіта гэтам шляхам ідуць ўсходнеэўрапейскія краіны.

Але дзеля дасягненьня гэтае мэты трэба выконваць пэўныя умовы, усталёўваць ў сябе эўрапейскія стандарты ў галіне эканомікі, палітыкі і, дарэчы, правоў чалавека. Ёсьць пэўныя, дакладна вызначаныя праўныя працэдуры далучэньня да ЭўраЗьвязу, і ніхто не перашкаджае Беларусі іх выканаць. А Лукашэнка хоча патрапіць у эўрапейскі дом, як кажуць, «са сваім статутам».

Дарэчы, менавіта гэтае грэбаваньне юрыдычнай працэдураю і правіламі адрозьнівае беларуска-расейскую інтэграцыю ад эўрапейскай.

26 лістапада ў Маскве мяркуецца падпісаць новую хаўрусную дамову.

Чакаецца, што ўжо ў студзені дакумэнт будзе ратыфікаваны «Нацыянальным сходам» Беларусі й Фэдэральным сходам Расеі.

Але, як высьвятляецца, нават пасьля гэтага дамова ня ўвойдзе ў моц. Учора , выступаючы ў тэлепраграме «Падзея», кіраўнік прадстаўніцтва выканаўчага камітэту хаўрусу ў Беларусі Сяргей Шухно нагадаў, што ў адпаведнасьці з самой дамоваю, пасьля ратыфікацыі яна ўступае ў дзеяньне толькі ў той частцы, якая ня супярэчыць Канстытуцыям Беларусі й Расеі.

Адразу ж паўстае пытаньне: а якія ж яе артыкулы супярэчаць Канстытуцыям Беларусі й Расеі?

На думку дэпутата Дзярждумы Расеі ад фракцыі «Яблоко» Алены Мізулінай Канстытуцыі Расеі супярэчыць стварэньне любых наддзяржаўных ворганаў ўлады. У інтервію «Белорусской деловой газете» сп. Мізуліна таксама зьвярнула ўвагу на вельмі экзатычную пабудову гэтых ворганаў: у адпаведнасьці з праектам дамовы Вышэйшая Рада – а фактычна, два прэзыдэнты – могуць выдаваць дэкрэты, якія маюць большую юрыдычную моц, чым беларускія і расейскія законы.

Іншымі словамі, хаўрусныя ворганы ўлады мяркуецца стварыць нават не на расейскі, а на беларускі капыл, паводле якога кіраўнік дзяржавы сам піша законы, і сам жа выконвае іх.

Дарэчы, і такія канструкцыі аказаліся не даспадобы нават расейскім думскім камуністам, якія пляскалі ў ладкі Лукашэнку. Але ў парлямэнцкім сходзе хаўрусу прадстаўнікі КПРФ таксама выказалі незадавальненьне прапанаванай пабудоваю хаўрусных ворганаў. Статус беларускіх калегаў-«палатачнікаў» іх не прываблівае.

Праўда, хутчэй за ўсё дамова будзе усё ж такі ратыфікаваная Дзяржаўнай думаю з улікам таго, што стварэньне хаўрусных ворганаў сама дамова адносіць на потым, калі будуць унесеныя зьмены ў Канстытуцыі.

Як яно потым будзе са зьменамі ў Канстытуцыі – невядома. Але зараз расейскія палітыкі змогуць прадэманстраваць сваім выбарцам адданасьць беларуска-расейскаму сяброўству, што вельмі дарэчы напярэдадні выбараў.

Так вось і йдзе інтэграцыя: з палітычнымі гульнямі й падпісаньнем дакумэнтаў, якія супярэчаць Канстытуцыям і невядома калі будуць адпавядаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG