Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 17 лістапада)
Сёньня ўступілі ў дзеяньне новыя правілы фінансава-гаспадарчага кантролю ў краіне. Адмысловым указам Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся скаардынаваць працу айчынных кантралёраў.

Паводле афіцыйнага тлумачэньня, новыя парадкі ў справе эканамічнага кантролю выкліканыя неабходнасьцю падвышэньня яго эфэктыўнасьці. Кіраваць кантрольнай дзейнасьцю ад сёньняшняга дня будзе й новы ворган – так званая Рада каардынацыі.

У асяродзьдзі спраўных колаў рашэньне Лукашэнкі ўспрынята, трэба сказаць, неадназначна. З аднаго боку, станоўча. Рэч у тым, што шматлікія кантралёры дагэтуль прыносілі шмат непрыемнасьцяў гаспадарнікам. Наступствам няспынных праверак сталася маштабная дэзарганізацыя дзейнасьці айчыннай эканомікі.

Але апроч меркаванае каардынацыі, агучаныя парадкі не мяняюць сутнасьці кантрольнага мэханізму ў эканамічнай сфэры Беларусі. Гаворыць сябра Рады Беларускага Зьвязу прадпрыймальнікаў, спэцыяліст у сфэры гаспадарчага права Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) "Ён зьяўляецца палавінчатым нарматыўным актам. Шчыра кажучы, ён зможа абмежаваць правы кантралюючых органаў недзе на раённым узроўні. А шмат якія кантралюючыя органы наогул выведзеныя… Напрыклад, у адпаведнасьці з гэтым указам немагчыма падаць скаргу на праверку, якая праводзіцца на загад прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Савету па каардынацыі кантрольнай дзейнасьці РБ, Савету Мністраў, дзяржаўнага сакратарыята Савету Бясьпекі і Камітэту Дзяржаўнага Кантролю.
А гэтыя органы якраз і зьяўляюцца тымі органамі, якія і дастаўляюць найбольш клопату суб'ектам гаспадараньня.

Акрамя таго, указ, даючы паўнамоцтвы кантралюючым органам, не абмяжоўвае іх. Заканадаўствам могуць быць прадугледжаныя і іншыя правы супрацоўнікаў кантралюючых органаў пры правядзеньні рэвізіі. Менавіта заканадаўствам, я хацеў бы гэта падкрэсьліць, бо да заканадаўства ў нас адносяцца і ведамасныя нарматыўныя акты, ну і, практычна, рашэньні выканкамаў".

Новыя парадкі кантролю, на думку кіраўнікоў прадпрыемстваў, робяць яшчэ больш відавочнай неабходнасьць карэктываў у эканамічным заканадаўстве краіны.

Апроч таго, гэтае заканадаўства, на іхную думку, павінна быць стабільным, паколькі частыя зьмены нарматыўных дакумэнтаў выкарыстоўваюцца кантралёрамі дзеля ўвядзеньня штрафных санкцыяў. Каб пазбегчы іх, прадпрыемствы вымушаныя ўтрымліваць дадатковую колькасьць юрыстаў, бугальтараў, адмыслоўцаў у іншых прафэсіях. Сяргей Балыкін працягвае:

(Балыкін: ) "На сёньняшні дзень гэтае заканадаўства занадта заблытанае і працаваць без парушэньняў наогул немагчыма. Прыкладам можа служыць беларускае валютнае заканадаўства, не парушаць якое практычна немагчыма".

(Карэспандэнт: ) "Вядома, што сёньня ў Беларусі вельмі масавы кантралюючы апарат і, як адзначаюць гаспадарнікі, вельмі карумпаваны. Указ нейкім чынам прадугледжвае скарачэньне гэтага апарату і зьмяншэньне яго карумпаванасьці?"

(Балыкін: ) "Мяркуючы па гэтым дакумэнце, армія кантралёраў у Беларусі ня зьменшыцца. Чыноўнік мае ўласьцівасьць неабмежавана размнажацца.

Наконт карупцыі можна адказаць такім чынам. Гэта – зьменшыць памеры карупцыі на нізавым кантралюючым узроўні. Але ж, тыя самыя сумы пяройдуць на больш высокі паверх".

Нагадаю, так мяркуе сябра Рады Беларускага Зьвязу прадпрыймальнікаў Сяргей Балыкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG