Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лістапада 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Менскія гарадзкія ўлады перанесьлі мейсца правядзеньня апазыцыйнай акцыі 24 лістапада "Ланцуг Свабоды" з цэнтру гораду на пляц Бангалёр. Аднак акцыя пройдзе несанкцыянавана там, дзе заплянавалі арганізатары – у цэнтры Менску.

Пра гэта нашаму радыё паведаміў адзін з арганізатараў акцыі, старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Павал Казлоўскі, які сёньня атрымаў адказ Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту за подпісам Віктара Чыкіна. Час правядзеньня акцыі – ад 15-й да 19-й гадзінаў – застаўся бяз зьменаў.

Акцыя "Ланцуг Свабоды" прымеркаваная да 3-й гадавіны прэзыдэнцкага рэфэрэндуму і яе арганізатарамі выступілі буйнейшыя апазыцыйныя партыі – Беларускі Народны Фронт пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі, Аб'яднаная Грамадзянская партыя, а таксама Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя "Народная Грамада".

Арганізатары прасілі дазвол на правядзеньне акцыі ад пляцы Якуба Коласа да вуліцы Валгаградзкай – у маскоўскім кірунку. Паводле задумы арганізатараў, людзі павінны трымацца за рукі, сымбалізуючы такім чынам "жывы ланцуг свабоды".

Павал Казлоўскі паведаміў, што заўтра будуць праведзеныя кансультацыі з гарадзкімі ўладамі, якія ў сваім рашэньні не патлумачылі прычыну пераносу мейсца правядзеньня акцыі. Калі рашэньне гарадзкіх уладаў зьмененае ня будзе, то акцыя пройдзе несанкцыянавана. Такое рашэньне прыняла Каардынацыйная Рада дэмакратычных арганізацыяў на сваім апошнім паседжаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG