Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лістапада 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня прэзыдэнцкая "Палата прадстаўнікоў" за дзьве гадзіны зацьвердзіла ў першым чытаньні законапраэкт аб парлямэнцкіх выбарах у Беларусі. Праўдападобна, выбары ў беларускi парлямэнт, якiя мiжнародныя арганiзацыi i перш за ўсё АБСЭ хацелi б бачыць свабоднымi й дэмакратычнымi, калi й адбудуцца, дык ужо ня ўвесну, а толькi ўвосень наступнага году.

У дакумэнтах як кансультатыўна-назiральнае групы АБСЭ, што працуе ў Менску, так i рабочае групы ў справе Беларусi АБСЭ, якую ўзначальвае Адрыян Севярын, часам правядзеньня свабодных i дэмакратычных выбараў называецца 2000 год. I ня больш. Нават месяц, ня кажучы ўжо пра больш канкрэтны тэрмiн, ня ўзгадваецца.

I тым ня менш, як у гэтых колах, так i ў апазыцыйных i ва ўрадавых, калi гаворка заходзiла пра тэрмiн выбараў, называўся канец вясны будучага году.

Менавiта таму Аляксандар Лукашэнка тэрмiнова ўносiў у так званую "Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу" Беларусi праект Выбарчага кодэксу Рэспублiкi Беларусь, якi зьяўляецца зводам законаў, што фармуюць усю выбарчую сыстэму краiны.

Менавiта таму спадары Малафеяў i Канаплёў неаднаразова заяўлялi, што кодэкс будзе разгледжаны "Палатаю прадстаўнiкоў" пад час цяперашняе сэсii адразу ў двух чытаньнях. А гэта азначае – яго можна без затрымкi разглядаць затым i ў вышэйшай палаце "Нацыянальнага сходу", а сьледам i падпiсваць Лукашэнку.

I тут сапраўды неабходна сьпяшацца, паколькi паводле Канстытуцыi-96 выбары новага складу парлямэнту павінны адбыцца не пазьней як праз 4 месяцы пасьля абвешчаньня іхнае даты.

I раптам учора кiраўнiк камiсii ў пытаньнях дзяржаўнага будаваньня, мяйсцовага самкiраваньня й рэглямэнту палаты сп. Красуцкi паведамiў: ня выключана, што другi этап разгляду дакумэнта можа быць адкладзены да вясны.

Такi крок мог выглядаць лягiчным, калi б ўлады пачалi перамовы з апазыцыяй дзеля выпрацоўкі прыймальнага для абодвух бакоў выбарчага заканадаўства. Аднак усе падзеi апошняга часу сьведчаць пра адваротнае.

Значыць, справа ў нечым iншым. У чым? Адзiн з супрацоўнiкаў у адмiнiстрацыi Мiхала Мясьнiковiча паведамiў мне, што зараз тут завяршаецца праца над аналiтычнай запiскаю, у якой абгрунтоўваецца перанос парлямэнцкiх выбараў зь вясны на восень. У ёй вылучаюцца чатыры галоўныя моманты:

Першы – прапаноўваецца правесьцi адначасова выбары ў беларускi парлямэнт разам з рэфэрэндумам аб стварэньнi хаўруснай з Расеяй дзяржавы, або з выбарамi ў адзiны хаўрусны парлямэнт. Гэтая мера разглядаецца як моцны тактычны крок у падтрымку кандыдатаў, якiя выступаюць за Лукашэнку.

Другi – сацыялягiчныя апытаньнi паказваюць: цяпер колькасьць прыхiльнiкаў i працiўнiкаў беларуска-расейскай дамовы прыкладна аднолькавая. Увесну колькасьць прыхiльнiкаў дамовы можа зьменшыцца, а гэта пагражае паразаю тым кандыдатам у беларускi парлямэнт, якiя ў сваiх праграмах будуць заклiкаць арыентавацца на хаўрус з Расеяй.

Трэцi – увесну ў расейскiх мас-мэдыя будзе як нiколi шмат кампрамату на кандыдатаў у прэзыдэнты Расеi. Беларускiя выбарцы, калi б парлямэнцкiя выбары адбывалiся ўвесну, пасьля такой колькасьцi бруду будуць iнстынктыўна галасаваць супраць прыхiльнiкаў беларуска-расейскага аб'яднаньня.

Чацьверты – блiжэй да восенi стане вядомым iмя новага расейскага прэзыдэнта. I гэта дазволiць карэктаваць усю выбарчую палiтыку ў Беларусi.

Зразумела, што новыя падзеi, нават Стамбульскi самiт, могуць пэўным чынам паўплываць на гэтыя пляны. Уладам патрэбна прастора для манэўра.

Выглядае, што ў гэты кантэкст уваходзiць i рашэньне "Палаты прадстаўнiкоў" наконт Выбарчага кодэксу, якое яна прыняла 17 лiстапада. Лiтаральна за дзьве гадзiны дэпутаты прынялi праект закону аб парлямэнцкiх выбарах у першым чытаньнi. Час разгляду дакумэнта ў другiм чытаньнi яны сяньня ня назвалi.

Як сказаў на разьвiтаньне сп. Красуцкi: "будзем працаваць, а калi прыйдзе час разглядаць заканапраект у другiм чытаньнi, мы даведаемся". Адзiнае, што ён ня ўдакладнiў – у каго можна пра гэта даведацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG