Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лістапада 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

(эфір 15 лістапада)
Беларускае МЗС распаўсюдзіла тлумачэньні ў сувязі з тым, што ў Расеі дзейнічаюць новыя правілы вывазу валюты нерэзыдэнтамі. Гэтыя правілы ўведзеныя ўжо некалькі месяцаў таму. Тлумачэньні спратрэбіліся, бо многія беларускія грамадзяне сутыкнуліся зь вялікімі праблемамі, калі выпраўляліся ў падарожжа за мяжу праз Расею.

Новы расейскі закон прадугледжвае, што нерэзыдэнт Расеі ня можа вывозіць за межы краіны наяўную валюту, калі ў яго няма неабходных дакумэнтаў. Такімі дакумэнтамі зьяўляюцца, напрыклад, мытная дэклярацыя пра ўвоз грошай у Расею ці даведка пра пералік валюты на рахунак расейскага банку.

Праблема для бальшыні беларусаў, якія едуць у замежжа праз Расею, у тым, што яны ня могуць легалізаваць свае грошы праз мытную дэклярацыю. Як вядома, паміж Беларусьсю й Расеяй няма мытнае мяжы. Калі беларусы прыяжджаюць у Расею і сутыкаюцца з гэтай праблемаю, то спрабуюць набыць валюту ў расейскім банку й атрымаць даведку. Але такія даведкі не зьяўляюцца дакумэнтам для вывазу валюты нерэзыдэнтамі, якімі зьяўляюцца ў так званай "братняй" краіне беларусы.

Таму турыстычныя фірмы, якія ладзяць падарожжы ў краіны далёкага замежжа праз Расею, раяць сваім кліентам вывозіць валюту на крэдытных ці дэбетных картках або ў падарожных чэках. Дарэчы, пры карыстаньні падарожнымі чэкамі неабходна мець даведку з банку пра іх набыцьцё.

Прадстаўнікі турыстычных фірмаў распавядаюць таксама, што часьцей за ўсё расейскія мытнікі заплюшчваюць вочы, калі нехта спрабуе вывезьці невялікую суму наяўнымі (прыблізна да 200 даляраў), але рызыкаваць усё ж такі не раяць.

У прадстаўніцтве расейскае мытні ў Менску мне распавялі, што ў тых беларусаў, якія працуюць у Расеі і возяць грошы ў Беларусь, праблемаў з увозам валюты на радзіму не павінна быць.

Супрацоўнік мытнага камітэту паведаміў, што, паколькі мытных межаў паміж Беларусьсю й Расеяй няма, і беларусы ня могуць задэкляраваць валюту на шляху ў Расею, іх не павінны правяраць і на шляху дадому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG