Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня Лукашэнка правёў нараду з вышэйшымі чыноўнікамі ў пытаньні падпісаньня новае хаўруснае дамовы.

Сёньня, выступаючы на нарадзе, Лукашэнка падцьвердзіў, што дамова аб стварэньні хаўруснае дзяржавы будзе падпісаная 26 лістапада ў Маскве. "Альтэрнатывы працэсу аб'яднаньня няма", – заявіў ён. Пры гэтым кіраўнік Беларусі падкрэсьліў, што меркаваны хаўрус не пазбавіць краіну незалежнасьці.

Лукашэнка заўважыў, што ня можа быць нават размовы аб ўваходжаньні Беларусі ў склад Расеі ў якасці суб'екту Фэдэрацыі ці ў выглядзе шасьці губэрніяў.

Раней беларускі лідэр неаднаразова казаў, што беларуска-расейскі хаўрус павінен стаць супрацьвагою заходняму ўплыву. Сёньня, аддаючы даніну дыпляматычнай асьцярозе, ён заявіў, што праект хаўруснае дамовы не скіраваны супраць трэціх краінаў, у прыватнасьці, супраць Захаду ці супраць ЗША.

На працягу кастрычніка ў Беларусі й Расеі праводзілася так званае "ўсенароднае абмеркаваньне" праекту дакумэнта. Напярэдадні абмеркаваньня Лукашэнка выказваў крыўду з прычыны таго, што не прайшоў ягоны варыянт, які прадугледжваў усталяваньне пасады хаўруснага прэзыдэнта. Гэтую ж думку, паводле зьвестак уладаў, выказвалі й шматлікія ўдзельнікі абмеркаваньня.

На мінулым тыдні рабочыя групы ўносілі ў праект апошнія папраўкі, так бы мовіць, на падставе "народнага волевыяўленьня". Расейскую групу ўзначальваў міністар у справах СНД Леанід Драчэўскі, беларускую – памочнік кіраўніка дзяржавы Міхал Сазонаў.

Учора сп. Сазонаў паведаміў журналістам, што папраўкі, унесеныя ў дакумэнт, на 99% мелі тэхнічны й рэдакцыйны характар. Прынцыповыя зьмены тычыліся пераходных палажэньняў і хаўруснага парлямэнту: у першым варыянце тэрмін яго абраньня ня быў пазначаны, зараз мяркуецца абіраць яго праз два гады пасьля таго, як у Беларусі й Расеі будуць прынятыя адпаведныя нацыянальныя заканадаўчыя акты.

Паводле словаў Сазонава, істотных зьменаў у дакумэнце не адбылося, у тым ліку і ў тым, што тычыцца паўнамоцтваў наддзяржаўных ворганаў улады.

Памочнік Лукашэнкі адзначыў, што размова йдзе пра міждзяржаўнае ўтварэньне з выхадам на больш шчыльнае аб'яднаньне ў пэрспэктыве. Паволе ягонага тлумачэньня, назва дамовы "Аб стварэньні хаўруснай дзяржавы" азначае, што гэтая самая дзяржава зьявіцца ня зараз, адразу ж пасьля падпісаньня дамовы, а ў нейкай будучыні.

У грамадзкай думцы Беларусі няма адзінадушша наконт аб'яднаньня. Паводле дадзенных сацыялягічнае лябараторыі "Новак" колькасьць прыхільнікаў стварэньня адзінае дзяржавы зьнізілася ў Беларусі з чэрвеня па верасень з 45% да 35%.

Але адзінства ў гэтым пытаньні няма і ў Расеі. У адпаведнасьці з апытаньнем, праведзеным фондам "Общественное мнение" на прыканцы кастрычніка толькі 39% расейцаў хочуць, каб Беларусь і Расея ўтварылі адзіную дзяржаву з адзіным прэзыдэнтам, парлямэнтам, сьцягам, Канстытуцыяй ды іншым. Амаль столькі ж – 34% – лічаць больш прывабным варыянтам хаўрус незалежных дзяржаваў. І, нарэшце, 13% расейцаў выказваюцца за тое, каб Расея будавала з Беларусьсю адносіны, як зь іншымі краінамі СНД, і што ня трэба нават і хаўрусу.

Тым ня менш 26 лістапада кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў маюць намер падпісаць новую хаўрусную дамову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG