Мы ўжо паведамлялі пра асноўныя разьдзелы штогадавой справаздачы Эўрапейскага Банку рэканструкцыі й разьвіцьця, якія тычацца стану эканомікі краінаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, а таксама былых савецкіх рэспублік. Працягваем знаёміць нашых слухачоў з высновамі дакладу адносна вынікаў эканамічнай палітыкі ўладаў Беларусі. Аўтары дакладу сьцьвярджаюць, што кантроль над цэнамі ў Беларусі замацаваўся ў выніку спробаў абмежаваць інфляцыю. Пачынаючы зь лета 1996-га году ўрад паступова адступаў ад працэсу лібэралізацыі цэнаў, уводзячы замест гэтага адміністрацыйны кантроль над імі. У травені 1999 году Лукашэнка сваім дэкрэтам забараніў якое б там ні было падвышэньне цэнаў без адпаведнай кампэнсацыі за кошт сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Савету Міністраў і Нацыянальнаму Банку Беларусі было загадана штогод вызначаць максымальны ўзровень цэнаў. Акрамя таго, дэкрэт утрымліваў велізарны сьпіс тавараў і паслугаў, цэны на якія падлягаюць дзяржаўнаму рэгуляваньню, у тым ліку на асноўныя прадукты харчаваньня й алкагольныя напоі. Нягледзячы на жорсткае рэгуляваньне цэнаў, інфляцыя працягвалася й склала прыкладна 2 адсоткі на месяц. Доступ да замежнай валюты застаўся абмежаваным, нягледзячы на ўвядзеньне адзінага курсу рубля. У сакавіку 1999 году, па выніках перамоваў зь Міжнародным Валютным фондам, улады зрабілі аднолькавымі курс валюты, усталяваны Нацыянальным банкам і курс, усталяваны ў лістападзе 98-га году адмыслова для міжбанкаўскіх разьлікаў.
Акрамя таго, банк адмовіўся ад правядзеньня дадатковых валютных таргоў дзеля ўсталяваньня афіцыйнага курсу рубля. Аднак, у верасьні 99-га году ўрад перакрэсьліў прагрэс, дасягнуты ў канвэртацыі валюты. Дадатковыя валютныя таргі былі адноўленыя, міжбанкаўскія валютны рынак абмежаваны апэрацыямі ў памерах ня больш як 1000 даляраў. Прадпрыемствам было забаронена купляць валюту ў замежных партнэраў. Больш за тое, суб'екты гаспадараньня былі змушаныя замест 30 адсоткаў заробленай валюты, як гэта патрабавалася ў студзені 99-га году, вяртаць дзяржаве 40 адсоткаў валюты. Кантроль над цэнамі і штучнае стрымліваньне курсу даляра, прывялі да таго, што расейскія фірмы павялічылі аб'ём бартэрных зьдзелак у першыя пяць месяцаў 99 году больш як на 50 адсоткаў. Аднак, дэкрэт Лукашэнкі, падпісаны сёлета ў ліпені, увёў падатак у 15 адсоткаў на ўсе бартэрныя апэрацыі плюс 5 адсоткаў на імпарт сыравіны і паўфабрыкатаў. Толькі вытворцы лекаў і прадуктаў харчаваньня ды яшчэ некалькі асобных кампаніяў былі вызваленыя ад гэтых падаткаў. Што тычыцца стабілізацыі нацыянальнай эканомікі, пра якую шмат гавораць прыхільнікі Лукашэнкі і ён сам, дык рост вытворчасьці ў Беларусі, як падкрэсьліваецца ў дакладзе ЭБРР, быў забясьпечаны за кошт простага крэдытаваньня ўсіх галінаў эканомікі зь бюджэту. Хаця нацыянальны банк спрабаваў спыніць грашовую эмісію ў першым квартале 99-га году, гэтая мэта была цалкам пахаваная пазьней ў верасьні. Рост грашовай масы адразу прывёў да абясцэньваньня грошай. Тым часам, хаця згодна з афіцыйнай статыстыкай, інфляцыя паміж верасьнем 98-га году і чэрвенем 99-га дасягнула 400 адоткаў, прыбытак чорнага, альбо паралельнага рынку, які зарабляе на розьніцы курсаў, склаў 77 адсоткаў. Прыватызацыя у Беларусі, адзначаецца далей ў дакладзе ЭБРР, адбывалася значна хутчэй ў камунальным сэктары, чымся прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў, і ёй скарысталіся галоўным чынам буйныя прамысловыя і аграрныя фірмы. Сярод аб'ектаў, прыватызаваных з 93-га году, да сярэдзі 99-га, 40 адсоткаў складаюць аб'екты, якія былі раней у камунальнай уласнасьці, і толькі 10 – у агульнадзяржаўнай. 20 адсоткаў фірмаў, утвораных у выніку прыватызацыі, увайшлі ў сумесныя прадпрыемствы, альбо маюць долю ўласнасьці менш 50 адсоткаў.
Цягам ваўчарнай прыватызацыі, распачатай у 1994-м годзе, былі выкупленыя толькі 40 адсоткаў ваўчараў, ды іх пакуль няма чым пакрыць. Даходы дзяржавы ад прыватызацыі склалі ў 98-м годзе толькі 200 тысячаў даляраў. Хаця ўрад і зацікаўлены ў прыцягненьні замежнага капіталу ў Беларусь, не падобна на тое, што ўлады гатовыя саступіць замежным фірмам кантроль над прадпрыемствамі – а гэта не падабаецца патэнцыйным інвэстарам. Паводле дзеючага заканадаўства, забаронена прадаваць замежным кампаніям больш як 50 адсоткаў акцыяў. Акрамя таго, продаж аб'ектаў, кошт якіх перавышае 40 тысяч даляраў, магчымы толькі з дазволу Лукашэнкі. У травені 99 году Нацыянальны Сход прыняў рашэньне, згодна зь якім мясцовыя інфраструктуры і энэргетычныя кампаніі застануцца пад поўным кантролем дзяржавы, – адзначае з сваім дакладзе Эўрапейскі Банк рэканструкцыі й разьвіцьця. Гэта былі разьдзелы штогадовага дакладу ЭБРР, апублікаванага на пачатку гэтага тыдня. Заканчэньне разьдзелу, прысьвечанага эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, вы пачуеце ў нашых наступных прагарамах.