Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ў Менску аднавіла працу Каардынацыйная Рада дэмакратычных сілаў, якая прыняла зварот да кіраўнікоў дзяржаваў-удзельніцаў сустрэчы на найвышэйшым узроўні АБСЭ ў Стамбуле. Сёньня ж беларускія ўлады забаранілі лідэру «Народнае Грамады» Міколу Статкевічу выехаць у Стамбул.

Прыняцьцём звароту да кіраўнікоў краінаў-удзельніцаў стамбульскае сустрэчы АБСЭ завершылася сёньня Каардынацыйная Рада Дэмакратычных сілаў. У ёй бралі ўдзел Анатоль Лябедзька ад АГП, Віктар Івашкевіч ад Кангрэсу Дэмакратычных прафэсійных зьвязаў, Зьміцер Бандарэнка ад "Хартыі-97", лідэр "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч, які вёў паседжаньне, а таксама Анатоль Фёдараў і Вінцук Вячорка ад Беларускага Народнага Фронту.

Прыняты зварот утрымлівае заклік спыніць спробы анэксіі Беларусі праз падпісаньне хаўрусных дамоваў з Расеяй: "Мы зьвяртаемся да вас, шаноўныя кіраўнікі, з просьбаю разгледзець на саміце АБСЭ ў Стамбуле пытаньне аб пагрозе бясьпецы на эўрапейскім кантынэнце, якую нясе магчымае зьнішчэньне незалежнасьці Беларусі ў выніку дзеяньняў антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі і ўладаў Расейскае Фэдэрацыі".

Удзельнікі Каардынацыйнае Рады дэмакратычных сілаў падтрымалі зварот сьпікэра Сямёна Шарэцкага да кіраўнікоў ЗША, Вялікае Брытаніі і Расейскае Фэдэрацыі, якія ёсьць краінамі–гарантамі бясьпекі й незалежнасьці Беларусі.

Разам з тым у звароце адзначана, што Расея парушае ўзятыя на сябе ў 1994 годзе абавязкі, падтрымліваючы "нелегітымны рэжым Лукашэнкі, ды ягонымі рукамі зьдзяйсьняючы інкарпарацыю Беларусі".

Зрэшты, некаторыя ўдзельнікі сёньняшняе Рады, якія ўлучаныя ў апазыцыйную дэлегацыю на саміт АБСЭ ў Стамбуле, здолеюць самі данесьці сваё бачаньне да эўрапейцаў. Акрамя лідэра "Народнае Грамады" Міколы Статкевіча, супраць якога, нагадаю, узбуджаная крымінальная справа паводле падзеяў 17 кастрычніка. Сёньня стала вядома, што беларускія ўлады забаранілі яму выезд у Стамбул. Як паведаміў нашаму радыё сам Мікола Стакевіч:

(Статкевіч: ) "Позна ўвечары спадар Вік шукаў мяне, сёньня раніцай мы сустрэліся, і ён мне паказаў тры дакмэнты. Першы – гэта зварот да Гэнеральнага пракурора Бажэлкі і сьледчага па маёй справе спадара Коранева з просьбай выпусьціць мяне з краіны на саміт у Стамбуле. Другі дакумэнт – гэта адказ, падпісаны сьледчым Кораневым. Там сьцьвярджаецца, што актыўныя сьледчыя дзеяньні ідуць, і што я ўвесь час патрэбны, таму няма ніякай магчымасьці выпусьціць мяне з краіны. І трэйці дакумэнт – гэта зварот спадара Віка да міністра замежных справаў Латыпава. У гэтым лісьце спадар Вік сьцьвярджае, што такое рашэньне па мне беларускіх уладаў будзе мець для іх неагтыўны палітычны эфэкт.

Спадар Вік таксама паведаміў мне, што ён зараз рыхтуе ліст да ўсіх кіраўнікоў дзяржаваў-членаў АБСЭ з тым, каб інфармаваць іх аб тым, што здарылася, і што склад дэлегацыі апазыцыі будзе няпоўны, і што нашая партыя не плянуе ніякай замены".

Акрамя абмеркаваньня "стамбульскіх справаў", на сёньняшняе Каардынацыйнае Радзе бакі прынялі рашэньне рыхтаваць чарговую апазыцыйную акцыю "Ланцуг Свабоды" 24 лістапада. "У выпадку, калі гарадзкія ўлады не дадуць дазволу на яе правядзеньне, акцыя пройдзе несанкцыянавана", – паведаміў Мікола Статкевіч.

Каардынацыйная Рада Дэмакратычных сілаў Беларусі была створаная 2-м Кангрэсам Дэмакратычных сілаў і аб'яднала буйнейшыя апазыцыйныя партыі і арганізацыі. Больш за год Рада не зьбіралася. БНФ да апошняга часу ігнараваў яе дзейнасьць.

Сёньняшнюю спробу рэанімаваць Каардынацыйную Раду яе ўдзельнікі патлумачылі тым, што дэмакратычныя партыі ня мелі апошнім часам свайго каардынуючага воргану, які б прымаў абавязковыя рашэньні. Кансультатыўная нарада пры АБСЭ, куды ўваходзяць і камуністы, і ЛДПБ ды іншыя, ёсьць утварэньнем немабільным і неэфэктыўным.

Кардынацыйная Рада Дэмакратычных сілаў, як мяркуюць удзельнікі сёньняшняга паседжаньня, дазволіць аднавіць каардынацыю ў дэмакратычным асяродку, а ў пэрспэктыве й стварыць адзіны выбарчы блёк. Наступнае паседжаньне Рады заплянавана на 22 кастрычніка, напярэдадні акцыі пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG