Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Салігорск–Барысаў

(эфір 6 лістапада)
Прыклад зь менскіх гарадзкіх уладаў, якія нібыта з нагоды пацяпленьня надвор'я гэтымі днямі адключылі цэнтральнае ацяпленьне ў кватэрах і офісах сталіцы, дружна ўзялі гарадзкія і раённыя выканаўчыя камітэты Менскае вобласьці.

Сёньня ўраніцу гэта сытуацыя абмяркоўвалася, у прыватнасьці, на паседжаньні кіраўнікоў Беларускага Незалежнага прафэсійнага зьвязу ў Салігорску.

Вось ужо трэці дзень, як жыхарства гораду беларускіх шахтораў, паводле выразу віцэ-старшыні Незалежнага прафэсійнага зьвязу Міколы Зіміна, "прадае дрыжыкі".

Як давёў спадар Зімін калегам, ад таго, што Салігорскі гарвыканкам распарадзіўся адключыць цэнтральнае ацяпленьне, наўрад ці выйграюць землякі. Бо людзі пачынаюць ужываць самаробныя прыстасаваньні ды пераўтвараюць электрычную энэргію ў цеплавыя калёрыі. А гэта вядзе да перавыдаткаваньня электрычнасьці й да пераплатаў за яе з кішэняў грамадзянаў.

Дзе ж тут сацыяльная справядлівасьць? – задаў рытарычнае пытаньне віцэ-старшыня Беларускага Незалежнага прафэсійнага зьвязу й прапанаваў зьвярнуцца з адмысловым лістом да гарадзкое начальніцы – Ганны Лаўрукевіч. Асабліва спадара Зіміна непакоіцца становішча з дзіцячым садком "Беларуськалія", што застаўся безь цяпла яшчэ й праз віну будаўнікоў, якія зараз тут распачалі рамонт камунікацыяў, нібыта дзеля гэтага ня мелася сухога лета.

Але больш горшае становішча пасьля адключэньня цяплу ў сталічнай вобласьці складваецца ня там, дзе вядуцца рамонтныя работы, а там, дзе тое ж самае жытло ці іншыя аб'екты ўваходзяць у зіму неадрамантаванымі.

Учора ўвечары ў Барысаве на запрашэньне жыхароў я зазірнуў у дом №54 па вуліцы Гагарына, якая займае больш кілямэтру аўтамабільнае дарогі Менск–Масква. Дык вось, гаспадыня кватэры №1, маці траіх няпоўнагадовых дзяцей Ларыса Грэбнева распавяла: яе сям'ю ў свой час засялілі ў жытло, дзе ў вонкавых панэлях меліся шчыліны. Да ўсяго згаданыя панэлі разыйшліся на стыках. Празь іх у кватэру прасякае і дождж, і мокры сьнег. Дзеці бясконца хварэюць. Хатнія рэчы гніюць. Яна ўжо некалькі разоў зьвярталася да старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Васіля Бургуна, а таксама ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, але безвынікова.

(Грэбнева: ) "Ніхто нічога не зрабіў. Адно адчыталіся перад адміністрацыяй Лукашэнкі, што рамонт ужо зрабілі. Калі ж я пачала выкрываць гэту ману, нейкія людзі павыбівалі ў кватэры вокны".

Газавая пліта на кухні палілася. У адным з пакояў быў уключаны абагравальнік. Ад нагрэтай цэглы па кватэры распаўзаўся ўедлівы пах. Як паведаміла мне гаспадыня, яна сёньня па пошце адправіла ліст у Беларускі Гэльсынскі Камітэт, каб хоць неяк абараніць сваё права на экалягічна бясьпечнае жыцьцё ў гэтым непрыватызаваным жытле.

Паводле паведамленьня мяйсцовай афіцыйнай прэсы, у Барысаве пакуль што назапашана на зімовы пэрыяд усяго 70 адсоткаў патрэбнае колькасьці паліва. Падобнае становішча таксама ў Маладэчне, Вілейцы ды іншых гарадох Меншчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG