Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 лістапада 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Сёньня кіраўнікі ўрадаў 16 эўрапейскіх краінаў сутрэліся ў сталіцы Чэхіі ў рамках Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы. У гэтую арганізацыю, якая адзначае сваё дзесяцігоддзе, уваходзяць краіны Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, а таксама Аўстрыя ды Італія. Удзельнікі двухдзённай сустрэчы абмяркоўваюць удзел у Пакце Стабільнасьці, прапанаваным Захадам дзеля дапамогі краінам, эканоміка якіх пацярпела ў выніку апошняй вайны на Балканах.
На парадку дня сустрэчы таксама пытаньне рэформаў у посткамуністычных краінах і іхная інтэграцыя ў Эўразьвяз і НАТО.

Аб стане рэформаў у адной з такіх дзяржаваў, прадстаўніком афіцыйнай дэлегацыі Украіны Раманам Шпекам гутарыў у праскай студыі Віталь Тарас.

(Карэспандэнт: ) "Тры гады таму ва Украіне было створанае Нацыянальнае агенцтва ў справе разьвіцьця ды эўрапейскае інтэграцыі. Што зьмянілася за гэтыя гады ў нацыянальнай эканоміцы, ці зрабілася яна больш прыцягальнаю для замежных інвэстараў?

(Шпек: ) " Нацыянальнае агенцтва Украіны ў справе разьвіцьця ды эўрапейскай інтэграцыі было створанае ўказам прэзыдэнта Кучмы ў ліпені 1996 году. Галоўная задача нацыянальнага агенцтва – каардынацыя ў справе тэхнічнай дапамогі, якую аказваюць Украіне краіны-донары, а таксама міжнародныя арганізацыі, Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў, Эўрапейскі зьвяз у падтрымку эканамічных і дэмакратычных рэформаў, а таксама каардынацыя стасункаў міністэрстваў і ведамстваў, абласных адміністрацыяў, з Міжнародным банкам рэканструкцыі і разьвіцьця, Усясьветным Банкам, пытаньняў інтэгацыі Украіны ў ЭЗ.

Сёньняшні ўзровень разьвіцьця эканомікі Украіны дае падставу гаварыць аб наяўнасьці пэўных пазытыўных зрухаў, але і аб тым, што гэтыя зрухі яшчэ не стварылі крытычную масу, якая б гарантавала эканамічны рост. Сярод пытаньняў, якія ў першую чаргу давядзецца вырашаць наступнаму ўраду Украіны – гэта паскарэньне адміністрацыйнай рэформы, структурных рэформаў, у розных галінах эканомікі – перш за ўсё, у сельскай гаспадарцы, энэргетычным сэктары Украіны, правядзеньне эфэктыўнай пэнсійнай рэформы.

Гэта ўсё тыя перадумовы, якія павінны стварыць спрыяльны інвэстацыйны клімат у прыватным сэктары эканомікі, і гэта павінна стварыць перадумовы для росту безпасярэдніх замежных інвэстыцыяў.

Структурныя рэформы вымагаюць вялікай працы ў падвышэньні эфэктыўнасьці цяперашніх базавых галінах украінскай эканомікі. Таксама вялікая ўвага надаеца разьвіцьцю сэктару малога прадпрымальніцтва, які за кошт мабільнасьці і эфэктыўнасьці павінен стварыць дзясяткі тысячаў рабочых мейсцаў наўзамен тых неэфэктыўных рабочых мейсцаў, якія сёньня скарачаюцца ў вугальнай прамысловасцьі, на мэталюргічных ці машынабудаўнічых прадпрыемствах. Адным словам, будычыняю Украіны мне бачыцца толькі ў пабудове рынкавай эканомікі.

Безумоўна, сёньняшні стан эканомікі Украіны адлюстроўвае стан палітычнай барацьбы, якая зараз адбываецца. На вялікі жаль, нам не ўдалося дасягнуць высокага ўзроўню супрацоўніцтва паміж парлямэнтам Украіны і выканаўчай уладай, і гэтае супрацьстаяньне вядзе да затрымкі эканамічных рэформаў.

Зараз ва Украіне ідзе падрыхтоўка да другога туру прэзыдэнцкіх выбараў, і гэтае спаборніцтва розных палітычных сілаў і груповак таксама мае уплыў на стан эканомікі, на супрацоўніцтва Украіны зь ейнымі гандлёвымі партнэрамі. Але вынікі першага туру даюць мне магчымасьць казаць пра тое, што Украіна надалей будзе заставацца дэмакратычнай дзяржавай, будзе будаваць рынкавую эканоміку на грунце павагі да прыватнай уласнасьці, вяршэнства закону – усяго таго, што абуджае актыўнасьць грамадзянаў Украіны і стварае перадумовы эканаімічнага росту. Толькі эканамічны рост здольны забясьпечыць годны ўзровень жыцьця нашых грамадзянаў".

Вось гэтак адказаў на мае пытаньні адзін з сябраў афіцыйнае украінскае дэлегацыі на саміце Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы ў Празе Раман Шпек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG