Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лістапада 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Плянам разьвіцьця Менску да 2030 году не прадугледжанае ўзьвядзеньне мэмарыяльнага комплексу на Нямізе, дзе сёлета загінулі 53 і пацярпелі некалькі соцень чалавек. Гарадзкія ўлады спасылаюцца на тое, што спачатку трэба правесьці дасьледваньне мяйсцовасьці й распрацаваць плян разьвіцьця тэрыторыі. Гэта можа расьцягнуцца на некалькі гадоў.

Улады Менску, хутчэй за ўсё, не зачыняць падземны пераход на станцыі мэтро "Няміга", а таксама не дазволяць будаўніцтва мэмарыяльнага комплексу. Як вядома, менавіта гэтага дамагаюцца ад гарадзкога кіраўніцтва бацькі й сваякі 53 чалавек, што загінулі на Нямізе.

Але практычнасьць менскага начальства перамагае над памяцьцю пра ахвяраў. Гаворыць дырэктар Інстытуту менскага горадабудаўніцтва Аляксандар Калантай:

(Калантай: ) "Горад – гэта 1 мільён 700 тысячаў чалавек. І горад павінен дбаць пра інтарэсы гэтых людзей. Пра інтарэсы бальшыні. Так, жыцьцё гораду – гэта гісторыя праблемаў і трагедыяў. Але калі мы зачынім станцыю – створым яшчэ адну, больш сур'ёзную праблему.

Аляксандар Калантай таксама супраць будаўніцтва храму:

(Калантай: ) "Наша пазыцыя палягае ў наступным. Усё гэта адбылося на тэрыторыі замчышча – унікальнага архэалягічнага помніку, дзе забароненае разьмяшчэньне нейкіх новых аб'ектаў без распрацоўкі пляну разьвіцьця мяйсцовасьці. Вось калі такі плян будзе распрацаваны, можна будзе разглядаць пытаньне аб будаўніцтве храму. А пакуль – такія дзеяньні, я лічу, зьнявага нашае культуры й традыцыі".

Улады Менску клапоцяцца пра помнікі архітэктуры й гарадзкія традыцыі дзіўным чынам. Яны лічаць, што старыя будынкі ў цэнтры гораду прасьцей разбурыць, чым рэстаўраваць. Улетку дом ХІХ стагодзьдзя па вуліцы Камсамольскай быў амаль цалкам разбураны пра дапамозе бульдозэраў. Ад татальнага зьнішчэньня будынак выратавалі маладыя людзі, якія ачапілі помнік архітэктуры жывым ланцугом.

Толькі зараз Інстытут Менскага горадабудаўніцтва пачаў распрацоўку праграмы па стварэньню ў Менску ахоўных архітэктурных зонаў і плянаў іхнага разьвіцьця. Спадар Калантай абяцае, што першы праект, у лепшым выпадку, зьявіцца праз паўтара гады.

Гарадзкія архітэктары не зрабілі высноваў з трагедыі на Нямізе. На маё пытаньне, ці зьмяніліся стандарты бясьпекі ў праектаваньні й будаўніцтве пасьля травеньскае драмы, Аляксандар Калантай сказаў, што "не". Ён лічыць беларускія стандарты бясьпекі досыць высокімі. Паводле спадара Калантая, архітэктурныя асаблівасьці станцыі мэтро ня ёсьць прычынаю гібелі людзей.

Гібель 53-х чалавек нават не адбілася на кар'еры адказных гарадзкіх чыноўнікаў. Галоўны архітэктар гораду Аляксандар Чадовіч распрацоўваў станцыю мэтро. Ён ухваляў будаўніцтва Палаца Рэспублікі, новага будынку чыгуначнага вакзалу ў Менску й яшчэ безьлічы помнікаў савецкае архітэктуры. Зараз спадар Чадовіч пайшоў на падвышэньне: стаў старшынём камісіі па архітэктуры й горадабудаўніцтву з захаваньнем пасады галоўнага архітэктара Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG