Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 1 лістапада)
У мінулую суботу быў апублікаваны ўказ Аляксандра Лукашэнкі аб падрыхтоўцы дырэктывы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі. Гэты дакумэнт мяняе практыку апошніх гадоў, паводле якой ладзілася пэрспэктыўнае жыцьцё краіны.

Паводле добра інфармаваных крыніцаў, у Савеце міністраў рашэньне Аляксандра Лукашэнкі аб распрацоўцы дырэктывы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі, было ўспрынятае зь неўразуменьнем.

На працягу бліжэйшых двух тыдняў прэм'ер, віцэ-прэм'еры ды іхнае атачэньне пад фактычным кіраўніцтвам начальніка Галоўнае дзяржаўна-праўнай ўправы лукашэнкавай Адміністрацыі Аляксандра Пласкавіцкага мусяць паскоранымі тэмпамі напоўніць гэтую мадэль сацыяльна-эканамічнымі арыентырамі. Няма сумневу, што гэтую ідэю Аляксандар Лукашэнка пазычыў у савецкай гісторыі, калі камуністычная партыя таксама на падставе дырэктыўных плянаў кіравала эканомікаю.

Відавочна, аўтар указу расчараваўся ў ранейшай практыцы, калі на кожны год распрацоўваліся тры асноўныя дакумэнты. Гэта – прагнозныя парамэтры сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, закон аб бюджэце й асноўныя кірункі грашова-крэдытнае палітыкі. Добра вядома, што праекты трох дакумэнтаў на 2000 год напрыканцы кастрычніка былі й сёлета ўнесеныя на разгляд Лукашэнкі.

У прыватнасьці, міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў на мінулым тыдні прадставіў прагнозныя сацыяльна-эканамічныя парамэтры. Зь іх вынікае, што ў 2000 годзе, у параўнаньні з папярэднімі трыма гадамі, станоўчыя працэсы замарудзяцца. Прычым, у пераважнай бальшыні сфэраў.

Да прыкладу, фактычна застануцца на цяперашнім узроўні рэальныя даходы насельніцтва, ня зьменіцца стан жывёлагадоўлі – сфэры, дзе сёньня назіраецца ймклівы заняпад.

Міністар Шымаў прызнаў таксама, што сёлетнія пляны ў разьвіцьці краіны ня спраўдзіліся з прычыны некаторых памылак ў нутраной палітыцы. У прыватнасьці, Беларусь беспадстаўна ігнаравала аб'ектыўныя законы крэдытаваньня й грашовага абарачэньня, наступствам чаго стала высокая інфляцыя ды спусташэньне банкаўскіх рэсурсаў.

На наступны год урад і нацыянальны банк плянавалі грашова-крэдытную палітыку зрабіць болей жорсткай. На думку экспэртаў, вяртаньне да рынкавых правілаў нямагчымае без часовага пагаршэньня жыцьця насельніцтва.

Гэта азначае, што палітычны рэйтынг уладаў можа ўпасьці. І таму, як лічаць назіральнікі, у якасьці альтэрнатывы Лукашэнка вырашыў скарыстаць заганны досьвед камуністычных часоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG