Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня завяршыўся двухдзённы візыт у Беларусь прадстаўнікоў "кіруючай тройкі" ЭўраЗьвязу. Пад час візыту была падпісаная дамова зь беларускім урадам аб рэалізацыі ў Беларусі праграмы Tacis.

"Мы знаходзіліся тут, каб спрыяць пачатку дыялёгу паміж уладаю і апазыцыяй" – заявіў на выніковай прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік дэлегацыі ЭўраЗьвязу, дырэктар дэпартамэнту Ўсходняе Эўропы МЗС Фінляндыі Рэнэ Ніберг. У склад дэлегацыі разам з прадстаўніком Фінляндыі, якая зараз старшынюе ў ЭўраЗьвязе, уваходзіў супрацоўнік МЗС Партугаліі, якая будзе старшыняваць наступнай, а таксама прадстаўнік Эўракамісіі.

На працягу двух дзён сябры дэлегацыі правялі перамовы зь міністрам замежных справаў Латыпавым, памочнікам кіраўніка дзяржавы Сазонавым і кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі Мясьніковічам.

Місія ЭўраЗьвязу сустракалася таксама зь лідэрамі васьмёх апазыцыйных партыяў і дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Адбыліся сустрэчы пасланцаў Брусэля з кіраўнікамі шэрагу беларускіх няўрадавых арганізацыяў.

Сёньня міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Шымаў і сябра дэлегацыі ЭўраЗьвязу, прадстаўнік Эўракамісіі Х'юга Мінгарэлі падпісалі дамову аб рэалізацыі ў Беларусі адмысловае праграмы, скіраванай на падтрымку грамадзянскае супольнасьці краіны.

Праграма, якая будзе ажыцьцяўляцца ў межах агульнае праграмы ЭўраЗьвязу Tacis па супрацоўніцтву з краінамі Ўсходняе Эўропы, прадугледжвае выдаткаваньне 5 мільёнаў эўра на разьвіццё незалежных беларускіх мэдыяў, падтрымку няўрадавых арганізацыяў і прафэсійных зьвязаў, а таксама на супрацоўніцтва ў сфэры адукацыі.

Некалькі месяцаў таму Лукашэнка, маючы на ўвазе менавіта гэтую праграму, гаварыў пра пляны ЭўраЗьвязу даць грошы апазыцыі на зьвяржэньне ўлады. Зараз, як бачым, урад пагадзіўся, каб гэтая гуманітарная праграма была рэалізаваная ў Беларусі. Паводле словаў сп. Мінгарэлі, эўрапейскі бок атрымаў права самому вызначаць адрасатаў дапамогі.

На мае пытаньне, ці йшла размова пра эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі з ЭўраЗьвязам, кіраўнік місіі сп. Ніберг адказаў адмоўна. Ён нагадаў, што яшчэ ў канцы 1997 году ЭўраЗьвяз прыняў рашэньне абмежаваць кантакты з афіцыйным Менскам выключна гуманітарнай сфэраю. Прычынаю былі шматлікія парушэньні ў Беларусі прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека. Сп. Ніберг падкрэсьліў, што пакуль падставаў дзеля перагляду гэтага рашэньня няма: "Мяч знаходзіцца на баку Менску, а не Брусэлю", – заявіў ён.

Нежаданьне Эўропы йсці на эканамічнае супрацоўніцтва з Беларусьсю ёсьць "бізуном", якім Лукашэнку прымушаюць рабіць пазытыўныя крокі.

Сябры дэлегацыі ЭўраЗьвязу канстатавалі, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца нездавальняючай. Пад час свайго візыту яны сустрэліся са сваякамі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, адбылася працяглая размова зь Юліяй Чыгір. Зінаідзе Ганчар быў перададзены ліст ад міністра замежных справаў Фінляндыі Тары Халанэн.

Сп. Ніберг, закрануўшы тэму "Маршу Свабоды", падкрэсьліў, што ЭўраЗьвяз асуджае любыя праявы гвалту, але лічыць, што прычынаю ўспышкі гвалту стала немагчымасьць самавыражэньня.

Вельмі жорсткія ацэнкі сытуацыі прадстаўнікі ЭўраЗьвязу пачулі ўчора пад час сустрэчы з кіраўнікамі палітычных партыяў.

Да прыкладу, лідэр БНФ Вінцук Вячорка расцаніў чарговую інтэграцыйную кампанію, як сродак гамаваць перамовы. Ён таксама заявіў пра неабходнасьць стварэньня ўстойлівай атмасфэры даверу. На ягоны погляд, сытуацыю, калі выпускаюць лідэра сацыял-дэмакратаў, пасаджанага 2 тыдні таму, нельга разглядаць, як прагрэс у гэтым накірунку.

Кіраўнік БСДГ Станіслаў Шушкевіч выказаў сябрам дэлегацыі меркаваньне, што ўлады адцягваюць пачатак перамоваў да сьнежня, калі ў Расеі пройдуць выбары ў Думу, і палітычная сытуацыя можа йстотна зьмяніцца.

Але, ня маючы ілюзіяў наконт стану справаў у Беларусі, ЭўраЗьвяз, тым ня мэнш, упэўнены, што перамовы паміж уладаю і апазыцыяй, правядзеньне свабодных і справядлівых парлямэнцкіх выбараў застаюцца адзіным выхадам з сытуацыі, якую кіраўнік місіі ЭўраЗьвязу ахарактарызаваў, як "самаізаляцыя Беларусі".

Прадстаўнікі ЭўраЗьвязу віталі вызваленьне палітвязьняў, арыштаваных пад час "Маршу Свабоды", яны назвалі "прынцыповай" дамову пра доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў, якая была выпрацаваная экспэртнымі групамі ўлады і апазыцыі. Сп. Ніберг выказаў спадзяваньне, што гэтая дамова будзе падпісаная заўтра.

Сябры місіі атрымалі запэўніваньні з боку міністра Латыпава, што ўлада будзе выконваць абавязкі, якія бярэ на сябе гэтай дамоваю, але сп. Ніберг дадаў, што ЭўраЗьвяз будзе дамагацца выкананьня гэтых абавязкаў. Пры гэтым было адзначана, што дыялёг трэба пачынаць як мага хутчэй, каб пасьпець дамовіцца пра новы выбарчы кодэкс і пра парадак падрыхтоўкі парлямэнцкіх выбараў.

Місія ЭўраЗьвязу высока ацаніла дзейнасьць кансультацыйна-наглядальнае групы АБСЭ на чале з амбасадарам Вікам. Сп. Ніберг таксама канстатаваў, што ў беларускім пытаньні ня йснуе істотных адрозьненьняў паміж пазыцыямі Зьвязу і Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG