Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў Менск прыбылі прадстаўнікі "кіруючай тройкі" ЭўраЗьвязу. На працягу двух дзён адбудуцца іх сустрэчы з беларускімі афіцыйнымі асобамі й лідэрамі апазыцыі. ЭўраЗьвязаўскі дэсант стаў сваеасаблівым працягам візыту ў Беларусь кіраўніка адмысловае групы парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына.

"Кіруючая тройка" ЭўраЗьвязу – гэта Эўракамісія, дзяржава, якая старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе (зараз гэта Фінляндыя), і краіна, якая будзе старшыняваць наступнай (гэта Партугалія). Дэлегацыю ўзначальвае дырэктар дэпартамэнту Ўсходняй Эўропы міністэрства замежных справаў Фінляндыі Рэнэ Ніберг. Сёньня сябры дэлегацыі ЭўраЗьвязу сустрэліся зь лідэрам БНФ "Адраджэньне" Вінцуком Вячоркам, на заўтра заплянаваная іхняя сустрэча з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Міхалам Мясьніковічам.

Некалькі тыдняў таму ЭўраЗьвяз пайшоў насустрач афіцыйнаму Менску ў пытаньні пашырэньня квотаў на увоз ў краіны Зьвязу тэкстылю і калійных угнаеньняў. Гэта быў сваеасаблівы аванс.

Эўропа ці не апошні раз спрабуе схіліць беларускія ўлады да сапраўднага дыялёгу з апазыцыяй, а не рэпрэсіяў супраць яе. Кіраўнік рабочае групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын, які на мінулым тыдні наведаў Беларусь, горка заўважыў, што з кожным ягоным прыездам суразмоўцаў у яго ўсё меней: адныя трапляюць ў турму, другія – ад'яжджаюць у эміграцыю, трэція зьнікаюць немаведама куды.

У мінулую суботу сп. Севярын сустрэўся з Лукашэнкам. Кіраўнік Беларусі заявіў, што зацікаўлены ў працягу перамоўнага працэсу, але абвінаваціў у спробах сарваць дыялёг апазыцыю. "Ёсьць дакумэнты, якія сьведчаць аб тым, хто спрабуе сарваць дыялёг. Я магу прадаставіць іх вам з усімі прозьвішчамі, у тым ліку й вашымі", – заявіў Лукашэнка, зьвяртаючыся да сп. Севярына й кіраўніка наглядальнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганса Георга Віка.

Лукашэнка падкрэсьліў, што мае намер правесьці парлямэнцкія выбары ў будучым годзе паводле "дзеючай Канстытуцыі", гэта значыць, у Палату прадстаўнікоў.

Адзначым, што гэта супярэчыць пазыцыі АБСЭ, якая разглядае пашырэньне паўнамоцтваў заканадаўчага воргану Беларусі істотнай і неад'емнай часткаю перамоўнага працэсу.

4 лістапада ў Вене адбудзецца паседжаньне сталага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, на якім будзе разлядацца "беларускае" пытаньне. Рашэньні, прынятыя ў Вене, стануць падмуркам дыскусіі, якая адбудзецца на саміце АБСЭ ў Стамбуле ў сярэдзіне лістападу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG