Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Беларуская Рада калгасаў зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі зь лістом, у якім распавядаецца пра цяжкае эканамічнае становішча аграпрамысловага сэктару. Калгасьнікі лічаць, што адзіны шлях да паляпшэньня сытуацыі – увядзеньне рынкавых мэханізмаў.

Рада калгасаў канстатуе, што запазычанасьць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў стала павялічваецца. Прамысловая база аграрнага сэктару разбураецца. Паводле зьвестак агэнцыі "БелаПАН", штомесячна запазычанасьць калгасаў ды іншых сельгасвытворцаў у крэдытах павялічваецца на 10 трыльёнаў рублёў. Толькі за 9 месяцаў сёлета яна вырасла ў 14 разоў і склала 110 трыльёнаў рублёў. У лісьце паведамляецца, што сёньня ў кожным раёне Беларусі ёсьць стратныя жывёлагадоўчыя прадпрыемствы.

У гэтых умовах Рада калгасаў ня бачыць іншага выйсьця, акрамя ўвядзеньня рынкавых мэханізмаў. Калгасьнікі лічаць, што трэба або падвысіць кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю, або даць гаспадаркам свабоду.

Тое, што ў вёсцы склалася цяжкае становішча, не аспрэчваюць і афіцыйныя крыніцы. Міністар сельскае гаспадаркі Юры Мароз 29 кастрычніка адказваў на пытаньні ў палаце прадстаўнікоў. Цікава, што яму тактоўна не задавалі пытаньняў наконт ураджаю і забесьпячэньня краіны збожжам.

Але ж і ў жывёлагадоўлі сытуацыя такая, што ганарыцца няма чым. Да прыкладу, вытворчасьць сьвініны, нягледзячы на вялікія субсыдыі, скарацілася на 8 адсоткаў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Ня лепшае становішча і ў вытворчасьці ялавічыны й птушкі. Але, паводле словаў міністра, палітыку ў сельскагаспадарчай сфэры дзяржава йстотна мяняць не зьбіраецца. Мароз мяркуе, што сельскай гаспадарцы патрэбны толькі дзяржаўныя крэдыты – і ўсё будзе добра.

Тое, што ў рэгуляваньні аграрнага сэктару ўсё застанецца, як і было, падцьвярджае і камэнтар міністра наконт ўвядзеньня харчразьвёрсткі, пра якую нашае радыё паведамляла ўчора.

Мароз лічыць, што прадпрыемствы павінны прадаваць прадукцыю жывёлагадоўлі ў першую чаргу дзяржаве. Паводле ягонага меркаваньня, камэрцыйныя структуры, якія купляюць у калгасах мяса й малако па высокіх коштах, зарабляюць зашмат. У далейшым, згодна з ўрадавай пастановаю, гэтага ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG