Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 кастрычнiка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Усю першую палову дня 28 кастрычнiка кiраўнiк рабочае групы па Беларусi Парлямэнцкай асамблеi АБСЭ Адрыян Севярын, якi знаходзiцца з афiцыйным вiзытам у Менску, прысьвяцiў сустрэчы з кiраўнiкамі Кансультатыўнае рады апазыцыйных палiтычных партыяў. Пад час размовы ён зрабiў некалькi важных заяваў.

Сустрэча спадара Севярына з кiраўнiкамi апазыцыйных палiтычных партыяў праходзiла ў будынку, дзе разьмяшчаецца кансультатыўна-назiральная група АБСЭ ў Беларусi. Акрамя супрацоўнiкаў групы й прадстаўнiкоў Кансультатыўнае рады, ў зале больш нікога ня было. Аднак, па заканчэньнi размовы адзiн зь ейных удзельнiкаў пагадзiўся паведамiць адмыслова для нашага радыё надзвычай цiкавыя падрабязнасьцi.

Па-першае, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ гатовая запрасiць у Стамбул, дзе ў другой палове лiстападу будзе праходзiць самiт кiраўнiкоў дзяржаваў, лiдэраў апазыцыйных беларускiх партыяў. Такiм чынам, яны змогуць там правесьцi прэсавую канфэрэнцыю, выказаць свой погляд на падзеi ў Беларусi.

Дарэчы, спадар Севярын даў тлумачэньнi наконт вiзыту ў Стамбул Лукашэнкi. Адказваючы на пытаньне аднаго з палiтычных дзеячоў Беларусi, чаму АБСЭ, якая афiцыйна прызнае легiтымным Вярхоўны Савет 13-га склiканьня, запрашае нелегiтымнага прэзыдэнта, Севярын распавёў, што АБСЭ ня запрашае Лукашэнку на самiт. Згодна са статутам арганiзацыi, такое запрашэньне ўвогуле не патрэбнае. Пры гэтым Севярын назваў Лукашэнку рэальным кiраўнiком Беларусi.

Пры гэтым, паводле словаў Севярына, можа атрымацца так, што Лукашэнка ў Стамбул увогуле ня трапiць. Як гэта здарыцца, ён не патлумачыў. Але мой суразмоўца лiчыць, што Лукашэнка можа не атрымаць уязную вiзу ў Турцыю.

Яшчэ адна навiна – Севярын пад час сустрэчы заявiў прадстаўнiкам палiтычных партыяў, што будзе дамагацца сустрэчы з Лукашэнкам. Паводле сп. Севярына, першапачаткова такая сустрэча не плянавалася, але пасьля выступу Лукашэнкi ў расейскай Дзяржаўнай думе яна робiцца надзвычай неабходнай.

Як палумачыў Севярын, ён хоча высьвятлiць, цi разумее Лукашэнка, што тонам, манэраю свайго выступу ў Маскве фактычна адразае ўсе шляхi да нармальных адносiнаў з сусьветнай супольнасьцю?

I апошняя навiна – вызначаны тэрмiн паседжаньня Сталай Рады Парлямэнцкай асамблеi АБСЭ, на якой будзе разглядацца беларускае пытаньне. Сталая Рада пачне працу 3 лiстапада, а ў наступны дзень плянуецца прыняць адмысловую рэзалюцыю па Беларусi.

Гэтай працэдуры будзе папярэднiчаць даклад пра становiшча ў Беларусi спадара Севярына. Магчыма, што ў якасьцi судакладчыка выступiць кiраўнiк групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вiк.

У праграме знаходжаньня Адрыяна Севярына ў Менску сёньня таксама былi сустрэчы з памочнiкам Лукашэнкi Сазонавым, мiнiстрам замежных справаў Латыпавым. Падкрэсьлiваючы надзвычайную ўвагу да сродкаў масавае iнфармацыi, сп. Севярын скончыў свой працоўны дзень вячэраю з журналiстамi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG