Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

У нядзелю 31 кастрычніка каля 40 млн. украінскіх выбаршчыкаў накіруюцца да выбарчых урнаў, каб абраць на наступныя 5 гадоў новага прэзыдэнта Украіны. У першым туры выбараў удзельнічаюць 14 кандыдатаў, сярод якіх і цяперашні прэзыдэнт Леанід Кучма.

Паводле ўкраінскага выбарчага закону за тыдзень да выбараў усе апытаньні грамадзкай думкі забароненыя, і таму ў нашым распараджэньні ёсьць толькі вынікі апытаньня настрояў украінскага грамадства, праведзеныя незалежнымі інстытутамі тыдзень таму. Дык вось, паводле іх, найбольшай падтрымкай выбаршчыкаў карыстаецца цяперашні прэзыдэнт краіны Леанід Кучма – 28%, на другім месцы лідар ультралевых – Натальля Вітрэнка – 19%, трэцяе і чацьвертае месцы дзеляць паміж сабой Александар Мароз і Яўген Краўчук, у іх прыблізна па 16% падтрымкі.

Калі падобныя прагнозы правільныя, дык справа не абмяжуецца толькі першым турам галасаваньня. Праз два тыдні адбудзецца другі тур. У ім будуць удзельнічаць два кандытаты, якія ў першым набралі найбольшую колькасць галасоў. Прагнозы ўкраінскіх палітычных аглядальнікаў такія, што ў другі тур выйдзе Кучма і адзін з ужо пералічаных ягоных контр-кандыдатаў: Вітрэнка, Марчук ці Мароз.

Ярослав Кошыў, кіеўскі незалежны палітычны аглядальнік, лічыць, што для Кучмы другая спроба стаць прэзыдэнтам Украіны будзе нагадваць "лёгкую прагулку". У камэнтары для нашай радыёстанцыі ён сцвярджае:

(Кошыў: ) "Я думаю, што прэзыдэнт Кучма лёгка выйграе гэтыя выбары, таму што ўсе яго галоўныя апанэнты падзеленыя, асабліва гэта датычыць тых, хто на левым спэктары палітычнае сцэны. Іх шасьцёра. Чацьвёра з іх называюць сябе "каніўскай чацьверкай". Яны ня ў стане выставіць адзінага кандыдата".

І сапраўды, у склад гэтай "каніўскай чацьверкі" уваходзяць Мароз, Марчук, Ткачэнка і Уладзімер Олэйнік. Яшчэ на пачатку гэтага тыдня яны сьцьвярджалі, што яны вылучаць адзінага кандыдата, і толькі адзін зь іх будзе ўдзедзельнічаць у выбарах, але перамовы паміж імі праваліліся, і цяпер яны ўсе бяруць удзел у першым туры.

У гэтым выпадку галоўным прэтэндам на ўдзел у другім туры разам з Кучмам будзе лідар Прагрэсыўнай сацыялістычнай партыі Натальля Вітрэнка. Яна вядомая сваімі ўльтралевымі і нават дэмагагічнымі поглядамі. Яна цьвёрда выступае супраць прыватызацыі прамысловасьці і супраць прыватнай уласнасьці на зямлю. Яна хоча разарваць усе стасункі з Міжнародным Валютным Фондам і прыпыніць выплату замежных даўгоў Украіны. У часе сваіх перадвыбарчых мітынгаў Вітрэнка даволі часта выказвае жаль з нагоды распаду Савецкага Саюзу і абяцае, што ў выпадку, калі яна будзе абраная прэзыдэнтам, яна пачне праводзіць палітыку больш цесных сувязяў з Расеяй і Беларусьсю.

Сярод магчымых пераможцаў першага туру называюць таксама і лідэра Камуністычнай партыі Украіны Пятра Сыманенку. Ягоны перадвыбарчы рэйтынг саступае рэйтынгам Вітрэнкі, Мароза і Марчука, але ўчора лідэр Украінскай Аграрнай партыі Аляксандар Ткачэнка зьняў сваю кандыдатуру і заклікаў сваіх прыхільнікаў аддаць свае галасы лідэру камуністаў. Таму разам галасоў камуністаў і аграрыяў можа быць дастаткова для Пятра Сыманенкі, каб выйсьці ў другі тур.

Апошнія 5 гадоў прэзыдэнцтва Леаніда Кучмы характарызаваліся глыбокім эканамічным крызысам. Валавы нацыянальны прадукт Украіны зьнізіўся амаль напалову. І бясспрэчную адказнасць за гэта нясе Кучма. Але цяпер у сваей перадвыбарчай кампаніі Кучма робіць націск на тое, што толькі ён адзін можа ўратаваць Украіну ад вяртаньня да ўлады левых.

Аднак украінскі палітоляг Ярослаў Кошыў лічыць, што новыя 5 гадоў прэзыдэнцтва Кучмы могуць мець вельмі негатыўны ўплыў.

(Кошыў: ) "Калі прэзыдэнт Кучма будзе кіраваць краінай яшчэ 5 гадоў, гэта можа раскалоць украінскае грамадзтва. Украіна, праўдападобна, ня зможа пасоўвацца наперад у эканамічнай і палітычнай галіне. Грамадства можа уступіць у пэрыяд дэстабілізацыі".

Фактарам дэстабілізацыі грамадства можа быць таксама адсутнасьць моцнай і адзінай правай апазыцыі. Галоўная правая партыя "Рух" на пачатку гэтага году распалася на дзьве фракцыі. Прычына: пэрсанальныя разнагалосьсі паміж двума лідэрамі Юрыем Касьценкам і Генадзем Удавенка. Цяпер абодва яны выступаюць на выбарах у якасьці кандыдатаў. Удавенка – як лідар "Руху", а Касьценка – як незалежны. Шанцаў трапіць у другі тур у іх няма.
Яраслаў Кошыў камэнтуе сытуацыю ў правым лягеры наступным чынам.

(Кошіў: ) "Правыя партыі нагэтулькі падзеленыя, што яны ня ў стане вылучыць адзінага кандыдата, які б мог супрацьстаяць Кучме. У мінулую нядзелю дзве групы рухаўцаў правялі сустрэчу. На чале адной стаіць былы міністар замежных справаў Украіны Ўдавенка і ягоны праціўнік Касьтценка. І яны ня здолелі дамовіцца. І цяпер, калі да выбараў засталося ўсяго некалькі дзён, ясна, што ні правыя, ні левыя ня здолеюць вылучыць кандадата, які б мог спаборнічаць з цяперашнім прэзыдэнтам".

І на заканчэньне прыгадаю, што рэшта кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах ня мае рэальнага ўплыву на іх вынік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG