Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

(эфір 26 кастрычніка)
Беларуская тэлевізія абвясьціла, што, паводле рашэньня ўраду, да канца году будзе, так бы мовіць, "упарадкаванае" пагалоўе калгаснае жывёлы. Прасьцей кажучы, калі стала відавочна, што жывёле ня хопіць кармоў да вясны, было вырашана пусьціць яе пад нож. Аднак сёньня ў Мінсельгасхарчы гэтую інфармацыю не падцьвердзілі.

Чыноўнік з прыёмнай міністра нават крычаў на карэспандэнта Радыё "Свабода". Пры гэтым назваць сваё імя ён адмовіўся. Паводле ягоных словаў, аніякае нарады не было, і рашэньня наконт зьмяншэньня статку міністэрства не прыймала. Аднак ён адмовіўся нават даць нумар тэлефона аддзелу ў міністэрстве, які займаецца пытаньнямі жывёлагадоўлі.

Вядома, што афіцыйныя СМІ могуць падаваць недакладную інфармацыю, але ж не такога кшталту. Да таго ж, ужо не сакрэт, што сытуацыя ў жывёлагадоўлі вельмі складаная.

У бальшыні гаспадарак бракуе кармоў. Улетку нават разглядалася пытаньне пра тое, каб перавезьці частку жывёлы зь Віцебскай і Магілёўскай вабласьцей на захад – у Берасьцейскую ды Гарадзенскую, дзе сытуацыя з кармамі лепшая.

Па-другое, калгасам катастрафічна бракуе вэтэрынарных прэпаратаў. У многіх няма лекаў і прэпаратаў дзеля прышчэпак.

Да таго ж, бракуе вітамінных дадаткаў і камбікармоў. Вітамінныя дадаткі вырабляліся на Нясьвіжскім заводзе. Вырабляюцца й цяпер, аднак бальшыню іх купляе Расея. У беларускіх гаспадарак не стае грошай на вітаміны для жывёлы. У выніку жывёліны не прыбаўляюць у вазе. Навогул, дзяржаўны статак скарачаецца ўжо некалькі гадоў.

Так што ёсьць усе падставы меркаваць, што частку жывёлы ў хуткім часе давядзецца пусьціць пад нож. У выніку, напярэдадні Новага году мяса будзе. А вось якая сытуацыя зь мясам і малаком складзецца ў наступным годзе, прагназаваць вельмі складана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG