Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 1999 г.


Галіна Айзенштат, Менск

(эфір26 кастрычніка)
Напярэдадні выступу Аляксандра Лукашэнкі ў Дзяржаўнай Думе Расеі Кансультатыўная Рада апазыцыйных партыяў Беларусі накіравала на імя Барыса Ельцына, Уладзімера Пуціна, сябраў Рады Фэдэрацыі й дэпутатаў Дзяржаўнае Думы ліст, у якім папярджвае: калі Расея і надалей будзе падтрымліваць нелегітымнага кіраўніка Беларусі, дык Рада зьвернецца да міжнароднай супольнасьці з заклікам – прызнаць Расейскую Фэдэрацыю дзяржаваю-агрэсарам.

Ці здольны гэты (далёка ня першы) зварот беларускай апазыцыі паўплываць на расейскае кіраўніцтва?

Напісаньне зваротаў, лістоў, заклікаў да расейскага кіраўніцтва сталася ў пэўным сэнсе часткаю палітычнае дзейнасьці беларускай апазіцыі. Дастаткова ўзгадаць хаця б папярэднія чатыры гады, зьвязаныя з двума беларускімі рэфэрэндумамі, роспускам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, зьняволеньнем Юрыя Хадыкі, Вячаслава Сіўчыка, зьнікненьнем Юрыя Захаранкі й Віктара Ганчара.

У бальшыні гэтых выпадкаў Масква станавілася на бок Аляксандра Лукашэнкі. І засталася ледзь не адзінай, хто па-ранейшаму прызнае легітымнасьць Лукашэнкі пасьля заканчэньня ягоных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Дык ці быў сэнс прымаць чарговы зварот да Масквы? А калі быў, дык у чым ён палягае?

З такім пытаньнем я зьвярнулася да аднаго з падпісантаў ліста, намесьніка старшыні Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Аляксея Караля.

(Кароль: ) "Мы лічымся з суворай рэальнасьцю – зыход барацьбы тут залежыць і ад Расеі. Такім чынам мы галосна зьвяртаем увагу расейскіх уладаў на негатыўныя наступствы іх пазыцыі і, разам з тым, зьвяртаем увагу на тое, што падтрымка імі рэжыму Лукашэнкі дае магчымасьць атаясамліваць выступы супраць рэжыму Лукашэнкі з антырасейскімі выступамі апазыцыі і антырасейскімі настроямі народа. На самай справе такіх настрояў ня йснуе, краіны могуць супрацоўнічаць на нармальнай цывілізаванай міжнароднай аснове.

Мы не разьлічваем, што менавіта гэты зварот паспрыяе кардынальнай зьмене палітыкі Расеі ў адносінах да Беларусі…

Гэта зьвязана і з уплывам падзеяў 17 кастрычніка на расейскія ўлады.

Па той інфармацыі, якая была ў сродках масавае інфармацыі, відавочна, што Расея не чакала такога выбуху ў Беларусі і не чакала такіх рэзкіх адносін да Расеі у сувязі з падтрымкаю імі ўраду Лукашэнкі".

Сярод падпісантаў – Станіслаў Шушкевіч, Станіслаў Багданкевіч, Юрась Беленькі, Валянціна Палевікова, Аляксандар Бухвостаў, Сяргей Гайдукевіч, Алена Скрыган.

Варта адзначыць, што зварот Кансультатыўнае Рады апазыцыйных партыяў да расейскага кіраўніцтва на гэты раз нагадвае ня столькі просьбу ці скаргу, колькі ўльтыматум.

Калі Масква, як зазначаецца ў лісьце, і надалей будзе працягваць падтрымліваць аўтарытарны, нелегітымны рэжым Лукашэнкі й актывізаваць свае дзеяньні, скіраваныя на зьнішчэньне дзяржаўнасьці Беларусі, то – "мы заяўляем аб сваім намеры… зьвярнуцца да міжнароднай супольнасьці з заклікам прызнаць Расейскую Фэдэрацыю дзяржаваю-агрэсарам і дзейнічаць у адпаведнасьці з гэтай кваліфікацыяй".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG