Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

У прэзыдэнцкіх выбарах ў суседняй Украіне, якія адбудуцца ў бліжэйшую надзелю, бяруць удзел 15 кандыдатаў. Аднак, у любы момант раскладка палітычных сілаў можа зьмяніцца – шэраг кандыдатаў левага накірунку заявілі, што могуць зьняць свае кандыдатуры на карысьць Яўгена Марчука, колішняга старшыні КГБ Украіны. Адным з асноўным кандыдатаў лічыцца цяперашні прэзыдэнт краіны Леанід Кучма. Аднак, гутарка з сёньняшнім госьцем нашай рэдакцыі, амбасадарам Украіны ў Польшчы Дзьмітром Паўлычкам, прысьвечаная, у большай ступені, беларускім праблемам..

Перакананы, што аматары літаратуры добра ведаюць нашага госьця – Дзьмітро Паўлічку. Ён ня толькі адзін з найбольш знакамітых сучасных украінскіх паэтаў, але і вядомы сваімі перакладамі беларускай паэзіі.

Ведаюць яго і ў палітычных колах – ён быў адным з арганізатараў Народнага Руху Украіны, на працягу шэрагу гадоў узначальваў Міжнародную камісію ў Вярхоўнай Радзе. Можна сказаць, ён шмат у чым вызначаў міжнародную палітыку краіны.

Цяпер ягонае дзейнасьць палягае ў практычнай дыпляматычнай сфэры – Дмітро Паўлычка зьяўляецца Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам Украіны ў Польшчы.

Пры ўнутраных палітычыных супярэчнасьцях, пры напружнай, можна, нават, сказаць, крывавай, з выбухамі і аўтакстастрофамі, нэрвовай прэзыдэнцкай кампаніі, Украіна, як ня дзіўна, мае стабільнае міжнароднае становішча.

І першае маё пытаньне да суразмоўцы было – на чым палягае гэтая стабільнасьць?

(Паўлычка: ) "Я сказаў бы, што Украіна набыла, сфармавала ўласны эўрапэйскі характар. Мы маем ужо вызначаную зьнешнепалітычную лінію на далучэньне да Эўрапэйскага Зьвязу, на добрыя стасункі з НАТА. І навогул, на перайманьне эўрапейскага вопыту, найперш – эканамічнага.

Украіна сёньня яшчэ ня можа прэтэндаваць на членства ў Эўрапэйскім Зьвязе, але на асацыятыўнае членства мы прэтэндуем. І я мяркую, мы гэтага даможамся. У нас ёсьць эўрапейскі выбар, у нас ёсьць незалежная зьнешняя палітыка. Канечне, ёсьць і ўнутраныя праблемы, якія, дарэчы, існуюць ва ўсіх колішніх камуністычных калёніях. Але я надзвычай высока ацэньваю зьнешнюю палітыку за ўсю невялікую, але цудоўную гісторыю нашай незалежнасьці".

(Карэспандэнт: ) "Сапраўды, на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя, пры розных прэзыдэнтах і кіраўніках зьнешнепалітычных ведамстваў, Украіна мэтанакіравана імкнецца ў цывілізаваны сьвет. Хаця і ня ўсім гэта падабаецца. Вось і ініцыятары "славянскага яднаньня " з Масквы і Менску заяўляюць, што без Украіны іхні славянскі хаўрус будзе няпоўны. У якой ступені тыя, хто ажыцьцяўляе міжнародную палітыку Украіны, згодныя пагадзіцца з гэтым?"

(Паўлычка: ) "Я сябе пачуваю больш эўрапейцам, чым славянінам. Славянская ідэя як ідэя аб'яднаньня ў свой час магла быць нават і пазытыўнай, але на вельмі кароткі перыяд. Таму што як толькі тыя славяне, што былі пад Масквой, пачыналі казаць пра ўласную дзяржаўнасьць – іх адразу вывозілі ў Сібір. Славянам – тым, што былі ў Аўстра-Вугорскай імпэрыі, – харватам, славакам, чэхам, можна было дамагацца незалежнасьці, гэта было нармальна. Але ўкраінцам, палякам і беларусам, якія былі ў Расейскай імпэрыі, было гэта забаронена.

Таму я лічу, што любая размова пра нейкую славянскую еднасьць, тым болей дзяржаўную, – гэта ўсё фальшывае. І гэта працуе на зьнішчэньне славянскага этнасу – украінскага і беларускага. Я дужа жадаў бы, каб беларусы былі паўнавартаснымі членамі ня нейкай там славянскай, але агульнаэўрапэйскай сям'і народаў".

(Карэспандэнт: ) "Прыемна было пачуць такое жаданьне ад Дзмітро Паўлічкі. Але грамадзяне Беларусі часта з вуснаў Лукашэнкі і ягоных прапагандысцкіх рэтрансьлятараў чуюць зусім іншае: ды беларусаў у Эўропе ніхто не чакае. Што думае пра гэта чалавек, які мае багаты досьвед міжнародных адносінаў?"

(Паўлычка: ) "Усё гэта, выбачайце мяне, дурноцьце. Ці можа сёньня быць хоць адна колькі-небудзь сур'ёзная пісьменьніцкая канфэрэнцыя ў Эўропе – без Васіля Быкава? Ці можа сёньня без Скарыны, без беларускіх асьветнікаў, без навогул таго, што беларусы ўнесьлі ў эўрапейскую скарбонку – Эўропа адчуваць сябе поўнай? Нічога падобнага!

Беларусы ўжо самі заявілі пра сябе ў эўрапэйскай культуры, яны там прысутнічаюць. Так, беларусы Эўропе сёньня патрэбныя. Але звычайна патрэбны той ці іншы народ нагэтулькі, наколькі сам той народ жадае быць у пэўнай супольнасьці.

Але адзін беларускі палітык мне калісьці казаў: "Ведаеце, у нас такая своеасаблівая доля. Мы не жадаем быць у Эўропе". Ну, панове, тут ужо іншая справа. Але калі беларусы самі – а яны нядаўна гэта прадэманстравалі – жадаюць быць у Эўропе, яны будуць у Эўропе. Яны ўжо ёсьць у Эўропе.

Я – перакладчык беларускай літаратуры. Я перакладаў Янку Купалу, маіх знаёмых – Бураўкіна, Барадуліна, Ніла Гілевіча. Я ведаю, гэта – вялікая паэзія эўрапэйскае клясы. І я ня веру ў тое, што яна можа проста зьнікнуць. Яна будзе ў Эўропе, і Беларусь будзе ў Эўропе".

Пры сёняшняй, вельмі няпростай і няпэўнай унутрыпалітычнай сытуацыі, Украіна выяўляе прыклад таго, што палітычная воля і мэтанакіраванасьць дазваляюць, хай і не адразу, рэалізаваць права на суіснаваньне ў эўрапэйскай сям'і.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG