Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Помстаю зьвязам за мітынг 30 верасьня назвалі кіраўнікі Асацыяцыі прафэсійных зьвязаў прамысловасьці адмову Мінюсту перарэгістраваць арганізацыю. У адказ рабочыя прафэсійныя зьвязы праводзяць пікетаваньні й зьвяртаюцца да міжнародных рабочых структураў.

Адмову ў адказ на сваю просьбу аб перарэгістрацыі Асацыяцыя прафэсійных зьвязаў прамысловасьці атрымала якраз пасьля мітынгу зьвязаў. Да таго часу істотных прэтэнзіяў да пададзеных у Міністэрства юстыцыі дакумэнтаў не было.

Аргумэнтацыя адмовы вельмі своеасаблівая. У ёй – спасыл на тое, што ў статуце Асацыяцыі запісаныя задачы абароны правоў рабочых, і тыя ж задачы ёсьць у статутах кожнага прафэсійнага зьвязу. Падобных прэтэнзіяў міністэрства ня мела а ні да Федэрацыі, а ні да Кангрэсу незалежных прафэсійных зьвязаў, якія прайшлі перарэгістрацыю.

На гэтым тыдні сустаршыні Асацыяцыі хацелі атрымаць тлумачэньні ад міністра юстыцыі. Але ён, як паведаміў Аляксандар Бухвостаў, заявіў наступнае: "Толькі ў судзе вы атрымаеце тлумачэньні, якія ня можаце атрымаць ад нас".

"Мы таксама, – кажа Бухвостаў, – патрабавалі даць выпіску з пратакола паседжаньняў камісіі Замяталіна з прычынамі адмовы. Ніхто з чыноўнікаў Мінюсту і сам міністар не змаглі нам грунтоўна адказаць, чаму нас не перарэгістравалі. Былі толькі ветлівыя ўсьмешкі".

У лістападзе сябры Асацыяцыі правядуць шэраг пікетаваньняў Міністэрства юстыцыі. Не пазьней за 17 лістапада мусіць адбыцца разгляд справы Асацыяцыі ў Вярхоўным судзе.

На сёньня з падтрымкаю ейных дзеяньняў выступілі некаторыя айчынныя прафэсійныя зьвязы й партыі. Камісія ў правох чалавека кангрэсу ЗША ў кантэксьце парушэньня правоў чалавека ў Беларусі выказала пратэст супраць адмовы перарэгістраваць Асацыяцыю.

Сустаршыні арганізацыі – Аляксандар Бухвостаў і Генадзь Фядыніч – у выпадку адмоўнага рашэньня Вярхоўнага суду паставяць пытаньне пра свой удзел у працы Нацыянальнае рады ў працоўных і сацыяльных пытаньнях. Будзе распачатая праца дзеля стварэньня новага, больш буйнога аб'яднаньня рабочых прафэсійных зьвязаў.

А пакуль што Асацыяцыя атрымала паведамленьне падатковай інспекцыі пра магчымы арышт разьліковага рахунку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG