Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Начальнік менскае міліцыі Барыс Тарлецкі заявіў сёньня, што міліцыянты, якія ўдзельнічалі ў сутычцы з дэманстрантамі 17 кастрычніка, дзейнічалі ў рамках закону й не перавысілі сваіх службовых паўнамоцтваў. У шырокавядомыя факты зьдзеку, гвалту й катаваньняў, учыненых над затрыманымі, гэнэрал Тарлецкі ня верыць.

Прычынаю гэтае заявы шэфа сталічнае міліцыі сталі публікацыі шэрагу недзяржаўных выданьняў пра тое, што затрыманых 17 кастрычніка дэманстрантаў АМАПаўцы жорстка зьбівалі, абражалі, прыніжалі й зьдзекваліся, калі перавозілі аўтобусам з Партызанскага РАУС у спэцпрыймальнік па вуліцы Акрэсьціна.

Газэта "Беларуская маладзёжная" нават апублікавала паказаньні аднаго са сьведкаў, што знаходзіўся ў тым аўтобусе, які сьцьвярджае, што бачыў, як вылюдак-АМАПавец публічна згвалтаваў аднаго затрыманага.

Гэтая публікацыя выклікала найбольшае незадавальненьне Барыса Тарлецкага. Паводле словаў гэнэрала, ён ня надта схільны ідэалізаваць сваіх падначаленых, але ня можа паверыць у тое, каб нехта зь міліцыянтаў мог паводзіць сябе так, як пішуць недзяржаўныя газэты.

Сп. Тарлецкі паабяцаў правесьці па гэтых фактах службовае расьсьледваньне й пакараць вінаватых. Але, калі факты не падцьвердзяцца, галоўны менскі міліцыянт мае намер падаць у суд на газэты.

Пакуль жа начальнік менскае міліцыі лічыць апублікаваную ў "Беларускай маладзёжнай" нататку правакацыяй.

(Тарлецкі: ) "Няхай ён зьявіцца, гэты чалавек, устане і скажа, што нада мною зьдзейсьнілі гвалт і я патрабую абароны сваіх гонару і годнасьці. Так, сапраўды, калі аказваецца актыўны фізычны супраціў, мы дапускаем і актыўнае падаўленьне – інакш як быць? Але я жорсткі праціўнік таго, калі гвалт дапускаецца ўжо пасьля падаўленьня супраціву. І мы такія дзеяньні заўжды спыняем і за гэта караем, калі нешта падобнае выяўляем. Я лічу, што публікацыя ў гэтай газэце – гэта проста правакацыя, якая невядома на каго разьлічаная".

Паводле словаў шэфа менскае міліцыі, ягоныя падначаленыя паводзілі сябе ў адносінах да дэманстрантаў даволі стрымана й прыстойна, і толькі стрымлівалі натоўп, хаця гэнэрал прызнаўся, што міліцыя была блізкая да таго, каб правесьці супраць "парушальнікаў парадку" адмысловую апэрацыю з зачысткаю тэрыторыі. Цяжка растлумачыць гэтыя словы Барыса Тарлецкага, бо менавіта такую апэрацыю з зачысткамі й з заходам у тыл калёны праводзілі 17 кастрычніка ў Менску АМАПаўцы і спэцназ.

Ня лічыць гэнэрал асаблівым парушэньнем закону й факты затрыманьня пад час "Маршу Свабоды" журналістаў – у прыватнасьці, фотакарэспандэнта "БДГ" Максіма Маліноўскага. Сп. Тарлецкі заявіў, што журналісты самі вінаватыя ў тым, што знаходзяцца ў небясьпечных мейсцах. Маўляў, яны самі сьвядома працуюць на правакацыю, зьяўляючыся на мейсцы правядзеньня нейкай акцыі яшчэ раней за міліцыю.

А дзеля таго, каб журналістаў больш не затрымлівалі, галоўны менскі міліцыянт параіў ім насіць з сабою ня толькі пасьведчаньні, але й нейкія пісьмовыя накіраваньні ад рэдактара. На заўвагу аднаго з журналістаў, што гэтае вымаганьне гэнэрала незаконнае, паколькі закон аб друку не прадугледжвае аніякіх адмысловых рэдакцыйных накіраваньняў, Тарлецкі толькі вясёла разьвёў рукамі: "Тады, маўляў, не наракайце, што мы вас затрымліваем".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG